Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Маладыя спецыялісты папоўнілі калектыў Маларыцкай ЦРБ

23/08/2024 11:10

 Першага жніўня, пасля заканчэння медыцынскіх навучальных устаноў краіны, у Маларыцкай ЦРБ да працы прыступілі маладыя спецыялісты. Сярод навабранцаў у белых халатах – два ўрачы.

Вольга Сахашчык – урач акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі паліклінікі.

Вольга Мікалаеўна скончыла гімназію горада Драгічына, потым Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Інтэрнатуру праходзіла на базе Брэсцкага абласнога радзільнага дома. Спецыялізацыю ўрача акушэра-гінеколага выбрала на чацвёртым курсе вучобы. На першае месца працы была накіравана ў Брэсцкую вобласць, паколькі вучылася па мэтавым накіраванні.

– Мне на выбар прапанавалі два месцы працы: Івацэвічы ці Маларыту, – гаворыць Вольга Сахашчык. – Ні там, ні там я не была раней. Не ведаю, чаму спынілася на Маларыце. Можа, таму, што гэты горад бліжэй да Брэста. Думаю, што не памылілася з месцам працы. Калектыў паліклінікі вельмі добры. Ніхто не адмаўляецца дапамагчы, пры неабходнасці – падказаць, даць параду. Такі старт дазваляе максімальна развівацца  прафесіянальна. Першыя самастойныя крокі ў прафесіі пераканалі, што з выбарам не памылілася.

Вольга Сахашчык павінна ў Маларыце адпрацаваць пяць гадоў.

Дзмітрый Крэнь – урач агульнай практыкі (загадчык) Ланской амбулаторыі агульнай практыкі.

Дзмітрый Аляксандравіч вучыўся ў сярэдня школе №2 горада Маларыта, пасля – у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універ­сітэце. Інтэрнатуру праходзіў на базе Маларыцкай ЦРБ. Тут жа па мэтавым накіраванні будзе працаваць пяць гадоў.

Дзмітрый Аляксандравіч з выбарам жыццёвай сцежкі канчаткова вызначыўся яшчэ тады, калі вучыўся ў дзясятым класе. Перавагу аддаваў такім прадметам, як біялогія, хімія, беларуская мова.

– Мяне прынялі цёпла, – кажа Дзмітрый Крэнь. – Створаны належныя ўмовы для прафесійнай дзейнасці. Тое, што працоўную дзейнасць пачынаю ў вёсцы, не засмучае. Я аптыміст па жыцці, таму ў любой сітуацыі шукаю і знаходжу станоўчыя моманты.

У Маларыцкай ЦРБ – шэсць маладых спецыя­лістаў сярэдняга медыцынскага звяна. На працу яны накіраваны пасля заканчэння Брэсцкага і Пінскага дзяржаўных медыцынскіх каледжаў. Чацвёра вучыліся па мэтавым накіраванні.

Аляксандр Кукліцкі прыступіў да працы медыцынскім братам-анестэзістам аддзялення анестэ­зіялогіі і рэанімацыі; Карына Максімук – медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення; Ангеліна Арышчук – медыцынскай сястрой агульнай практыкі аддзялення агульнай урачэбнай практыкі па­ліклінікі, Юлія Чак – медыцынс­кай сястрой агульнай практыкі Лукаўскай амбулаторыі агульнай практыкі, Карына Барысюк – загадчыкам Радзежскага ФАПа Ланской амбулаторыі агульнай практыкі, Надзея Глушчук – медыцынскай сястрой стаматалагічнага аддзялення паліклінікі.

3 мэтай найбольш поўнага i глыбокага авалодання прафесіянальнымі ведамі i навыкамі, хуткай адапта­цыі ў калектыве за маладымі спецыя­лістамі замацаваны настаўнікі з ліку медыкаў, якія маюць шматгадовы вопыт работы, могуць падказаць пры неабходнасці, перадаць свае веды маладым.

Галоўны ўрач Анжэла Марчанка падкрэсліла, што адміністрацыя Маларыцкай ЦРБ адкрыта для прапаноў і ініцыятыў, зробіць усё магчымае, каб маладым спецыялістам спадабалася ва ўстанове аховы здароўя, каб яны змаглі раскрыцца і ў прафесіі, і ў творчасці, і ў спорце. Магчымасці для гэтага ёсць. Анжэла Валер’еўна таксама выказала ўпэўненасць, што маладыя спецыялісты замацуюцца на Маларытчыне, не расчаруюцца ў сваёй справе, пакажуць, што дастойныя сваёй прафесіі.

 

Усе навіны
© МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.