Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт Маларыцкага ДРБУ-179 сталі ініцыятарамі і арганізатарамі падарожжа па родным краі. Прыняць у ім удзел былі запрошаны работнікі прадпрыемства і іх дзеці. Да мерапрыемства таксама далучыліся вучні і настаўнікі раённай гімназіі і Олтушскай СШ. Дапамогу ў арганізацыі падарожжа аказаў аддзел па адукацыі Маларыцкага райвыканкама.
Мерапрыемства праводзілася з мэтаю ўмацавання сямейных дзіцяча-бацькоўскіх адносін, пазнання гісторыі роднага краю, выхавання пачуццця павагі і любові да сваёй Радзімы, разуменне грамадзянскай адказнасці за яе будучыню. Яно складалася з дзвюх частак. Падчас першай з іх удзельнікі пабывалі ля брацкай магілы ў аг. Вялікарыта. Тут прайшоў невялікі імправізаваны мітынг. Затым была наведана магіла партызанскай сувязной Вольгі Абрамук, актыўнай падпольшчыцы і ўдзельніцы партызанскага руху на Маларытчыне, сувязной. Яна дастаўляла ў атрад звесткі аб карных аперацыях, распаўсюджвала лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, дапамагала арганізаваць пабег з палону савецкіх актывістаў. У кастрычніку 1942 года фашысты схапілі патрыётку. Яе доўга катавалі, потым расстралялі ў двары школы.
Наступны прыпынак адбыўся ля помніка-абеліска Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца на 27-м кіламетры Ковельскай шашы бліз в.Лешніца. На гэтым месцы ўвосень 1942 года гітлераўскія каты расстралялі сям’ю абаронцы Брэсцкай крэпасці, лейтэнанта, Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава – маці, жонку і траіх дзяцей: 15-гадовую Ганну (Нюру), 10-гадовага Івана, 2-гадовую Галіну, а таксама сем’і іншых камандзіраў Чырвонай Арміі.
Усюды ўдзельнікі падарожжа ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўскладаннем жывых кветак да помнікаў.
У другой частцы мерапрыемства быў наведаны Брэсцкі гарадскі аэраклуб ДТСААФ (20-ы кіламетр аўтадарогі Брэст – Маларыта). Напачатку сустрэчы яго начальнік Дзмітрый Кіцель расказаў, што аэрадром “Міхалін” займае амаль 11 гектараў. Тут ёсць лётнае поле (грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа даўжынёй 600 м і шырынёй 80 м), пляцоўка для прызямлення парашутыстаў, рулежная дарожка, стаянка паветраных судоў, адміністрацыйна-вучэбны будынак з камандна-дыспетчарскім пунктам. Абсталяваны таксама заправачная пляцоўка, электрыфікаваная кемпінгавая стаянка. Дарэчы, будаўніцтвам узлётна-пасадачнай паласы займаўся калектыў ДРБУ-179 .
Затым Дзмітрый Кіцель і начальнік Маларыцкага ДРБУ-179 Юрый Алексяюк разам з удзельнікамі падарожжа прынялі ўдзел у закладцы алеі ў гонар першай жанчыны-касманаўта Героя Беларусі Марыны Васілеўскай. Сумесна былі высаджаны вербы “Хакуро нішыкі”.
Затым адбылася аглядавая экскурсія па тэрыторыі Брэсцкага гарадскога аэраклуба. Дзяўчаты і хлопцы даведаліся шмат цікавага. Аднак найбольш запомнілася тое, што ім дазволілі дасядзець у кабінах самалётаў “АН-2” і “Вільга-35”, а таксама планера “Бланік Л-13”. Удзельнікі падарожжа таксама пабывалі на занятках парашутнай секцыі.