Малоритский районный исполнительный комитет

Малоритский районный исполнительный комитет
Главная // 80 лет Великой Победы

Яго спрадвечны боль – Багуслаўка

14/04/2025 16:07

 

Фёдар Кавальчук занатаваў на палатне родную вёску

У кожным раёне была свая Хатынь. На Жабінкаўшчыне карнікі знішчылі Янопаль і Драмлёва, хаты гарэлі і ў Залуззі-Багуславічах. На маларыцкай зямлі смяротнае полымя вайны моцна кранула Боркі, Хмелішча, Багуслаўку… І спіс гэтых ахвяр далёка не вычарпаны. На жаль, ён доўгі і крывава-попельны.

Памяць пра трагедыю, якая адбылася 23 лістапада 1942 года ў Багуслаўцы, не пакідае жыхара Жабінкі Фёдара Кавальчука і на дзявятым дзясятку.

Каб не вялікая бяда, жыла б вёсачка ў квецені

Напярэдадні Дня памяці ахвяр Хатынскай трагедыі наведалі старажыла. Зараз Фёдар Сцяпанавіч жыве ў Жабінцы, на вуліцы Рампавай, у шматкватэрным “чыгуначным” доме, пабудаваным некалі чыгункай для сваіх працаўнікоў. Сваім жыццём Фёдар Кавальчук заслужыў ад людзей пашану і ордэн “Знак Пашаны” – на грудзі. Працоўную біяграфію Фёдар Сцяпанавіч пачынаў на Куйбышаўскіх сталёвых магістралях, у 1974 – 1979 гадах быў начальнікам станцыі Жабінка, завяршаў службу ў Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі, узначальваў прафкам Жабінкаўскай дыстанцыі пуці.

Аднак усяго гэтага магло б не быць, калі б сярод позняй восені сорак другога года, калі гарэла Багуслаўка і гінулі людзі, бацька з маці не падаліся ў лес разам з дзецьмі… Федзя, тады яшчэ пяцігадовы хлапчук, бачыў на ўласныя вочы тое, што і дарослым бачыць нельга. І гэты боль-успамін ён носіць з сабою і сёння, хоць мінула ўжо 82 гады.

Кватэра Фёдара Кавальчука нагадвае музей альбо карцінную галерэю. Ён добра малюе і займаецца разьбярствам. Фёдар Сцяпанавіч бярэ карціну, а на ёй – родная Багуслаўка – вёска, якую ён памятае з самага маленства. На светлым палатне – ладненькія хаткі, карціна напоўнена квеценню і яркім сонцам – мірнымі матывамі, якія аднойчы перакрэсліла вялікая бяда.

Таму ў памяці міжволі вымалёўваюцца іншыя карціны… І яны прыносяць неспакой. Жыхар Жабінкі памятае, як прыйшла вайна, як ратавалі тату, як карнікі знішчалі палескую вёску з такой мілагучнай назвай.

– Я – з Багуслаўкі, – пачынае ён расказ. – Да вайны ў ёй было шмат дамоў, пасля вайны застаўся толькі адзін, а людзі, якія ўратаваліся, жылі ў схованках, выкапаных у лесе.

Вогненны чэрвень і першыя выпрабаванні

Ужо ў першы дзень вайны Фёдар мог асірацець. Ён чуў грукат кананады з боку Брэста, бачыў, як над вёскай кружылі “юнкерсы”. Раніцай 22 чэрвеня Сцяпан Васільевіч і Агрыпіна Філімонаўна Кавальчукі сабралі дзяцей, пагрузілі пажыткі на воз і рушылі ў лес. Праз некалькі гадзін, калі скончыўся налёт, вырашылі: трэба вяртацца дамоў, на гаспадарку.

Бацькаў партрэт у сынавым фотаальбоме

У гэты час па дарозе ішлі нямецкія калоны. Тройчы бацьку спынялі, ледзь не расстралялі. Ён меў касцюм, знешне падобны на вайсковую форму. Акупанты прыдзірліва аглядалі выгляд старэйшага Кавальчука, дапытваліся, ці не салдат ён? Нарэшце паляк-перакладчык параіў больш не спакушаць лёс і знішчыць касцюм. Так і вярнуліся дамоў, вельмі перапалоханыя выбухамі і праверкай на дарогах. Усё тады абышлося, аднак наступныя гады сталі цяжкім выпрабаваннем і для дарослых, і для дзяцей.

– Раней Багуслаўка нагадвала востраў сярод дрыгвы. Гэта быў партызанскі край, – успамінае Фёдар Кавальчук ваенныя часы, – хоць і было вельмі небяспечна, багуслаўцы падтрымлівалі народных мсціўцаў, пяклі для іх хлеб, збіралі зброю. Прыблізна за кіламетр ад вёскі размяшчаўся лагер партызанскага атрада імя Варашылава. Падчас авіяналётаў Багуслаўку літаральна сцерлі з твару зямлі – нямецкія лётчыкі скідалі на хаты бомбы-“запальнічкі”. Так і атрымалася: да вайны ў сяле было 74 хаціны, а ў вайну згарэла з усімі пажыткамі 73…

23 лістапада, альбо Што карнікі рабілі ў Багуслаўцы

Гітлераўцы знішчалі не толькі пабудовы. Масава гінулі мірныя людзі.

У панядзелак, 23 лістапада 1942 года, калі савецкія войскі акружылі пад Сталінградам больш за дваццаць варожых дывізій, далёка ад волжскіх берагоў крывавы 3-ці паліцэйскі батальён накінуў ланцуг на Багуслаўку. Гэта былі тыя самыя драпежнікі, што ўжо знішчылі ў верасні–кастрычніку падчас карнай аперацыі “Трохкутнік” дзіцячы дом у Даманаве, Драмлёва, Боркі, Хмелішча, дзясяткі іншых населеных пунктаў.

Карнікі былі вельмі педантычнымі і кожную сваю “акцыю” заносілі ў “Дзённік баявых дзеянняў”. Пад 23.11.1942 года батальённы пісар, між іншым, пазначыў: “У якасці пакарання за забітага обер-вахмістра ахоўнай паліцыі Розенгарта ў Багуслаўцы (15 кіламетраў на захад ад Маларыты) былі расстраляны 23 чалавекі”.

Расправа адбылася невыпадкова. На аднавяскоўцаў, якіх падазраваў у сувязях з партызанамі, склаў данос тутэйшы стараста, альбо, як тады казалі, солтыс.

– У Багуслаўцы былі чатыры камсамольцы, у тым ліку мой стрыечны брат Мікалай Фаміч Кавальчук, – расказвае Фёдар Сцяпанавіч. – Солтыс хацеў з кімсьці звесці рахункі, вось і данёс акупантам, што ў вёсцы ёсць хлопцы, якія пры Савецкай уладзе былі камсамольцамі.

Карнікі прыбылі на світанку, разбегліся па хатах, на якія паказаў здраднік. Пакутнікаў сем’ямі вывелі за вёску. Уратаваліся маладая жанчына Пелагея (прозвішча яе сведка ўжо не памятае за даўніной часу). Ноччу ёй прысніўся страшны сон, і жанчына пайшла да суседкі, каб тая падказала, што гэта можа значыць. І якраз у той час сям’ю выводзілі да яміны…

– Жудасна было, калі грымелі стрэлы, – успамінае Фёдар Кавальчук. – Пра адно толькі пашкадавалі карнікі: “Ямку малую выкапалі!” – таму апошніх, каму дасталіся кулі, проста пакідалі на паверхні, а потым ужо мужыкі прысыпалі зямлёй і зрабілі пагорак.

Надвячоркам, калі крывавы батальён, забраўшы рэчы закатаваных, зняў ачапленне, багуслаўцы ўладкавалі брацкую магілу, дзе ляжалі целы забітых землякоў – мужчын, жанчын, дзяцей.

Не пазбег пакарання і стараста. Таго, хто здзейсніў юдаў грэх, чакала жахлівая смерць. Солтыс паквапіўся на суседскі кажух, і хутка ў нямецкую ўправу прыйшоў новы данос, але цяпер… на даносчыка. Прынамсі, таго абвінавачвалі, што некаторыя з расстраляных не мелі ніякага дачынення да партызан.

Фёдар Сцяпанавіч сцвярджае:

– Я на свае вочы бачыў, як немцы схапілі солтыса. А затым збітага прывязалі да каня, вадзілі яго па Багуслаўцы ўсяго акрываўленага, пакуль не павесілі ў цэнтры вёскі, іншым на ўстрашэнне.

Багуслаўка на хатынскім Дрэве жыцця

“Памяць, памяць, ты можаш, ты павінна…”

Гэты песенны зварот адной са шматлікіх песень пра Вялікую Айчынную вайну вядомы Фёдару Сцяпанавічу.

Чалавек ён неабыякавы. Памятае пра гаротны лёс роднага сяла, пра тры сям’і Кавальчукоў і іншых землякоў, для каго той чорны панядзелак напрыканцы восені сорак другога года стаў апошнім у жыцці. Нельга забыць і пра бацьку Сцяпана Васільевіча, які быў прызваны ў войска ў жніўні 1944-га, аднак паваяваў нядоўга: ужо праз тры месяцы знік без следу ў вогненнай рацэ, дзе, як вядома, не бывае броду.

Усё гэта вымушае прыязджаць у родныя мясціны і клапаціцца, каб былі дагледжаны магілы. Гадоў сем-восем таму з ініцыятывы Фёдара Кавальчука абнавіўся помнік, усталяваны пасля вызвалення ў Багуслаўцы. Да прозвішчаў чатырох мясцовых жыхароў, увекавечаных раней, дадаліся імёны-прозвішчы іншых расстраляных 23 лістапада 1942 года.

Асаблівай увагай, на думку суразмоўцы, такія мясціны павінны быць агорнуты з боку ўлад і грамадскасці ў год, калі Беларусь адзначае светлае свята – юбілей Вялікай Перамогі. Гэта трэба людзям розных пакаленняў. Гэта і Богу патрэбна, бо, мабыць, нездарма ў вёсцы спрадвеку славілі Яго імя.

А мне міжволі згадалася мінулагодняя вандроўка ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. На сімвалічным Дрэве жыцця, дзе пазначаны назвы населеных пунктаў, знішчаных у вайну, але адроджаных пасля вызвалення, выпадкова ўбачыў шыльду “Ацячызна. Жабінкаўскі раён”. І толькі пасля вяртання дамоў разгледзеў на фотаздымку яшчэ адну – “Багуслаўка. Маларыцкі раён”.

Тады і падумалася: “У кожным раёне была свая Хатынь”.

 

К списку новостей

Полезные ссылки