У краіне прайшла музычная акцыя “Вальс Перамогі”. Да яе актыўна далучыліся ў многіх населеных пунктах краіны, у тым ліку – і на Маларытчыне. Арганізатарам яе правядзення стала раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
На пляцоўцы перад ГДК вучні 9 і 11 класа СШ № 1 прадставілі харэаграфічную кампазіцыю “Майскі вальс”. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам яе стала настаўніца факультатыўнага занятку “Рытміка і танцы” ўстановы адукацыі Аляксандра Вашчынчук. Прыгожы танец некалькіх пар, у якіх юнакі былі апрануты ў ваенную форму, а дзяўчаты – у сукенкі, быў сустрэты апладысментамі прысутных на пляцоўцы перад ГДК.
–Сёння пары танцавалі, як калісьці, у далёкім маі 1945 года, кружыліся ў святочным пераможным вальсе іх прадзеды, дзяды і бабулі, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Галіна Стасюк. – Любоў да гэтага танцу ў нашых сэрцах не старэе, як і памяць аб Дні 9 Мая, у гонар якога і праводзіцца акцыя “Вальс Перамогі”. Дзень Перамогі — гэта не проста дата ў гісторыі, гэта сапраўдны сімвал мужнасці, самаадданасці, патрыятызму, самаахвярнай любові да свайго народа і сваёй Радзімы. Перамога прынесла свету вызваленне і надзею на мір, на светлую будучыню.
Дарэчы, 10 мая на YouTube-канале грамадскага аб’яднання “Белая Русь” выйдзе адзіны музычны кліп, у якім будуць прадстаўлены фрагменты лепшых выступленняў з усёй краіны, запісаных напярэдадні.