Васіль Быкаў, класік беларускай літаратуры, пісаў: «Памяць – гэта матэрыяльная сіла, галоўны элемент чалавечай духоўнасці, яна не толькі здольна ўзнаўляць мінулае, але і вызначаць будучае. І ў катастрафічныя моманты гісторыі ворагі-заваёўнікі ў адносінах да народа-ахвяры перш за ўсё спрабавалі пазбавіць яго гістарычнай памяці, пасля чаго з ім можна было зрабіць, што хочаш». Калі адняць у чалавека памяць, то ён зробіцца проста жывой істотай.
Памяць пра Вялікую Айчынную вайну трывала жыве ў сэрцах многіх мільёнаў людзей, напамінаючы пра сябе ўспамінамі пра родных, блізкіх, любімых, пра тых, хто да гэтага часу так і не вярнуўся з вайны ні жывым, ні мёртвым. Памяць пра вайну жыве ў пісьмах з фронту, ва ўспамінах жывых сведак мінулай вайны, у мастацкіх творах, у музеях, архівах… А яшчэ – на фотаздымках ваеннай пары. На іх як бы застыла вайна такой, якой была сапраўды.
Вось адзін з такіх фотаздымкаў, які захоўваецца ў краязнаўчыі музеі «Спадчына» раённай гімназіі. Ён зроблены ў канцы лістапада 1943 года ў лясной зоне Чарняны-Дарапеевічы. На ім адлюстраваны момант, калі В.А.Несцярэнка зачытвае загад другой роце партызанскага атрада імя М.А.Шчорса. Ва ўспамінах В.А. Несцярэнка пісаў: «У чэрвені 1942 года я пайшоў у партызанскі атрад імя М.М.Чарнака. Тут разам са Шчарбаковым узначаліў дыверсійную групу, а ў лістападзе 1943 года быў назначаны камісарам атрада імя М.А.Шчорса». Ім Васіль Аляксеевіч прабыў да 30 сакавіка 1944 года, калі атрад у колькасці 340 чалавек злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі.
З гісторыі вядома, што ў ліпені 1941 годзе ў Быценскім раёне Баранавіцкай вобласці ўтварылася група з вайскоўцаў і мясцовых патрыётаў на чале з А.У. Фідрыкам. Неўзабаве сюды з Косаўскага раёна перайшла група ваеннаслужачых (16 чалавек), якой кіраваў П.В. Пранягін. Восенню 1941 года абедзве групы аб’ядналіся. У маі 1942 года група П.В. Пранягіна і групы Фёдаравіча, Казанцава, Вазнясенскага і Лявонцьева, якія дзейнічалі ў Косаўскім і Слонімскім раёнах, аб’ядналіся ў партызанскі атрад імя М.А. Шчорса. У верасні 1942 года ён перадыслацыраваўся ў Пінскую вобласць. З лістапада 1942 года па красавік 1943 гада ўваходзіў у склад партызанскага злучэння Пінскай вобласці, затым змагаўся з ворагам у Брэсцкай вобласці. Атрад дзейнічаў у Косаўскім, Пружанскім, Ружанскім, Бярозаўскім, Драгічынскім, Дзівінскім, а таксама часткова і ў Маларыцкім раёнах.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота з архіва раённай гімназіі.