Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі” і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі працягваюць рэалізоўваць на Маларытчыне сумесны праект “Захаваем гісторыю”. Галоўная яго мэта ‒ размяшчэнне каля памятных месцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь інфармацыйных стэндаў з QR-кодамі. Пры дапамозе іх можна перанесціся на платформу і паслухаць аўдыязапіс з гісторыяй гэтага месца, прачытаць падрабязней аб гісторыі і нават паглядзець відэа.
У цэнтры аг. Арэхава ёсць помнік. На ім увекавечана памяць 111 землякоў-воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У брацкай магіле пахавана 24 ваеннаслужачых, з якіх чатыры – невядомыя. Яно адбылося ў маі 1944 года. У 1977 годзе быў усталяваны помнік – скульптура воіна і жанчыны з лаўровай галінкай. Пад імі надпіс “Вечная памяць героем”! У падножжа помніка размешчана дошка з імёнамі загінулых жыхароў вёскі.
Днямі тут падчас урачыстага мітынгу “Трэба памятаць” адбылася ўстаноўка інфармацыйнага стэнда з QR-кодам – алічбоўка яшчэ аднаго помніка–брацкай магілы на тэрыторыі мясцовага храма ў гонар велікамучаніцы Параскевы Пятніцы. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка, старшыня Маларыцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Серада, старшыня Арэхаўскага сельвыканкама Святлана Вітаноўская, першы сакратар Маларыцкага райкама грамадскага аб’яднання «БРСМ» Марыя Горнік, настаяцель храма протаіерэй Анатоль Дударчук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навук Тамара Бурштын, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталія Губарэвіч, вучні і настаўнікі Арэхаўскай СШ.
Падчас мітынгу выступілі Эдуард Кандзярэшка, Святлана Вітаноўская, Алена Серада і протаіерэй Анатоль Дударчук. Яны гаварылі пра тое, што праходзяць дні, змяняюцца пакаленні, але жыве народная памяць пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Ніколі не загояцца яе раны на сэрцы Маларытчыны. Сёння мы як ніколі ў адказе за праўду аб вайне, за памяць, якую павінны захаваць, каб ні нам, ні іншым пакаленням беларусаў больш ніколі не давялося перажыць ваеннае ліхалецце.
Пасля хвіліны маўчання да помніка былі ўскладзены жывыя кветкі.
***
Нагадаем, што 9 кастрычніка 2022 года падчас рэспубліканскага патрыятычнага аўтапрабегу “Сімвал адзінства”, які быў арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Патрыёты Беларусі” пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выконваючаму абавязкі старшыні райвыканкама Эдуарду Кандзярэшку было перададзена дзевяць інфармацыйных таблічак з QR-кодамі памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Маларытчыны. Адбылося гэта падчас мітынгу ля помніка-абеліска Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца на 27-м кіламетры Ковельскай шашы бліз в.Лешніца.
Актывісты БРСМ, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна пры падтрымцы Маларыцкай ЖКГ ужо ўстанавілі інфармацыйныя таблічкі з QR-кодамі ля брацкай магілы ў Маларыце, Кургана Славы на брацкай магіле аг. Хаціслаў, брацкай магіле савецкіх воінаў аг. Макраны, брацкай магіле аг. Чарняны, брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан аг. Лукава, абеліска на месцы спаленай в. Старыя Боркі, брацкай магілы ва ўрочышчы “Мелавая гара”, вайсковых могілках г.Маларыта.
Акрамя таго, помнікі на тэрыторыі раёна таксама алічбоўваюцца і ў рамках рэалізацыі міжнароднага гістарычнага праекта Беларусі і Расіі “Лічбавая зорка”, які створаны для пошуку помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі раёна гэты праект рэалізуецца раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “БРСМ”. На сённяшні дзень ужо алічбаваны чатыры помнікі: брацкая магіла ў в.Замшаны, брацкая магіла і магіла партызанскай сувязной Вольгі Абрамук у аг. Вялікарыта, брацкая магіла за 2,5 км ад в. Новы Двор (Чарнянскі сельскі Савет).