Адна з самых трагічных старонак у гісторыі чалавецтва – фашысцкія канцэнтрацыйныя лагеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асвенцым, Бухенвальд, Майданек, Заксенхаўзен, Дахау, Маутхаўзен, Равенсбрук, Трэблінка, Трасцянец, Азарычы… Праз іх прайшлі мільёны ні ў чым не павінных людзей, большасць з якіх загінула ў страшных пакутах. Вязні фашысцкіх канцлагераў паміралі ад холаду, голаду, хвароб, катаванняў. Цяжка ўсведамляць, што праз гэта давялося разам з дарослымі прайсці і дзецям. Боль ваеннага часу ў тых, каму пашчасціла выжыць, застаўся ў сэрцах назаўсёды.
Пра мінулае ліхалецце не можа забыць і 88-гадовы старшыня раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму маларытчанін Аляксей Крываблоцкі. Памяць мужчыны ніяк не адпускае жахлівыя падзеі Другой сусветнай вайны. Нішто не можа іх сцерці.
Аляксей Крываблоцкі нарадзіўся і вырас у Маларыце. Яго бацькі выхоўвалі чатырнаццаць дзяцей: сямёра сыноў і столькі ж дачок. На жаль, з вялікай сям’і Крываблоцкіх жывымі засталіся і выраслі толькі дзевяць дзяцей. У 1940 годзе маці Аляксея нарадзіла тройню. Калі пачалася вайна, яна кінулася ў лес ратаваць дзяцей. Там і маці, і малыя браты Аляксея прастудзіліся і сталі паміраць адзін за адным. Пасля не стала і маці.
У пачатку вайны Фёдар, старэйшы брат Аляксея, пайшоў у партызаны. Неяк ён сказаў бацьку, што ўсёй сям’і тэрмінова трэба ісці да партызан, бо заставацца ў Маларыце небяспечна. З бацькам у вёску Галёўку, вакол якой у лясах базіраваўся партызанскі атрад, таксама сабраліся старэйшая сястра Вера, меншы брат Мікалай і Аляксей. Недалёка ад Крываблоцкіх жыў паштальён Красоўскі. Ён убачыў, што сям’я Крываблоцкіх некуды накіроўваецца, і паведаміў немцам. Два аўтаматчыкі хутка перапынілі бацьку з дзецьмі. Мужчына ўцёк бы ад немцаў, але разумеў, што можа страціць дзяцей, таму рызыкаваць не стаў.
– Выбраўшы зручны момант, мы, дзеці, схаваліся, – успамінае Аляксей Віктаравіч. – Бацьку некуды павялі. Ужо вечарам да нас прыйшоў паштальён і сказаў, каб мы тэрмінова ішлі ў камендатуру вызваляць бацьку. У камендатуры брата Мікалая (7 гадоў), мяне (9 гадоў) і сястру Веру (14 гадоў) немцы затрымалі і разам з бацькам накіравалі на чыгуначную станцыю, пасадзілі ў эшалон. Нас павезлі ў невядомым накірунку. Мы апынуліся ў горадзе Чэнстахова, што на поўдні Польшчы, а затым у Кёльне ў канцлагеры. Там мы знаходзіліся амаль тры месяцы. Тых мужчын і жанчын, хто быў з дзецьмі, немцы размясцілі ў асобным месцы ў лагеры. Потым прыехала шэсць машын, нас пагрузілі і зноў павезлі. Так мы апынуліся ў горадзе Хахенбург, дзе быў працоўны лагер. Бацька стаў працаваць у чыгуначным сартавальным дэпо.
У сакавіку 1945 года, як успамінае Аляксей Віктаравіч, немцы ўсіх палонных сагналі ў адну калону, каб, як стала вядома, пешшу накіраваць у глыб Германіі. Ішлі шмат часу амаль без адпачынку, балелі ногі ад хады, хацелася есці і піць. Фашысты людзей зусім не кармілі. Аднак бацька Алексея неяк здолеў насушыць трохі сухароў, калі працаваў у дэпо. Калону палонных суправаджалі пажылыя немцы. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», дарослыя вырашылі дзейнічаць. Чатыры сям’і распрацавалі план уцёкаў. Вечарам, выбраўшы зручны момант, з усёй сілы пабеглі да лесу. Услед данеслася некалькі аўтаматных чэргаў… Апынуліся “бежанцы” ў нейкім населеным пункце. Вырашылі зайсці да мясцовага бургамістра прасіцца на работу.
– Тры сям’і, у якіх дзеці былі старэйшымі за нас, забралі адразу, а наша засталася незапатрабаванай, – расказвае Аляксей Крываблоцкі. – Аднак неўзабаве прыехалі і за намі. Мы апынуліся ў прыгожым і вялікім маёнтку, які належыў барону фон Генчэн у невялікім горадзе Вельда. Бацька стаў працаваць па гаспадарцы. Я і брат Мікалай збіралі ў кошыкі каменне і выносілі яго на край поля. Сястра Вера дапамагала на кухні.
У чэрвені 1945 года прыйшло вызваленне: у маёнтку з’явіліся амерыканскія салдаты. Яны прапанавалі нам зрабіць выбар: застацца ў Германіі, паехаць у Амерыку і Канаду ці вяртацца ў СССР. Бацька Аляксея вырашыў вярнуцца ў Маларыту, паколькі там засталося тры дачкі і два сыны.
У 1950-я гады ў краіне праводзілася агітацыя моладзі паступаць у школы фабрычна-заводскага навучання. Такое жаданне ўзнікла і ў Аляксея, але для ажыццяўлення задуманага яму не хапала гадоў. Юнак вырашыў сабе набавіць два гады. Дакументаў пасля вайны не захавалася, таму пашпарт атрымаў хутка. Вучыцца на будаўніка паехаў у Ленінград. Пасля там жа два гады працаваў маляром-тынкоўшчыкам на заводзе “Электрасіла”.
Старэйшыя браты Аляксея тады ўжо працавалі ў Данецку шахцёрамі. Яны і пераманілі юнака да сябе. Аляксей прыехаў у Данецк і паступіў вучыцца ў горна-прамысловае вучылішча. Пасля ўладкаваўся на працу ў шахту, а ў 1954 годзе быў прызваны на службу ў армію. Падчас праходжання медкамісіі папрасіў, каб на тэрміновую службу накіравалі яго на Далёкі Усход. Так трапіў у горад Савецкая Гавань Хабараўскага краю. Дэмабілізаваўся ў 1957 годзе і вярнуўся ў Маларыту.
– Так атрымалася, што якраз з’ехаліся браты і сёстры, – расказвае Аляксей Віктаравіч. – Яны мяне вырашылі ажаніць з маларытчанкай Верай Максімаўнай Сацюк.
І ажанілі-такі. А затым Аляксей Крываблоцкі з жонкай накіраваліся ў Данбас. Шахцёрам ён працаваў да 1986 года. Як толькі выйшаў на заслужаны адпачынак, вярнуўся на радзіму, абуладкаваўся на бацькоўскай сядзібе, дзе рос невялічкі яблыневы сад, потым пабудаваў уласны дом. А пасля вырашыў стаць садоўнікам.
Цяпер сад у Аляксея Крываблоцкага – адзін з самых вялікіх у Маларыце. На 50 сотках – больш за дзвесце яблынь розных гатункаў, а таксама – грушы, алыча, ажыны, персікі… У свой сад Аляксей Віктаравіч укладвае не толькі сілы, але і душу, клапоцячыся аб кожным дрэўцы, як аб родным дзіцяці. У яго садзе ёсць яблыня, якой, напэўна, ужо 80 гадоў, і яна яшчэ родзіць яблыкі.
Сад для Аляксея Крываблоцкага – больш, чым проста занятак для душы. Гэта цяпер лад жыцця. Сад сілкуе, надае моцы, падтрымлівае, суцяшае. У ім Аляксей Віктаравіч адчувае сябе маладым і дужым, часта думае пра сваіх дачок Тамару і Алену, чатырох унукаў і чатырох праўнукаў. У шчаслівыя імгненні жыцця часам урываюцца ўспаміны пра мінулую вайну. Як калючыя асколкі, яны па-ранейшаму глыбока і балюча раняць душу, прымушаюць зноў і зноў вярнуцца ў пару ваеннага ліхалецця.
– Дзякуй Богу, сёння мы жывём мірна і шчасліва, – гаворыць Аляксей Крываблоцкі. – Аднак не трэба забываць гісторыю, варта помніць, якой цаной заваяваны мір на нашай зямлі, берагчы яго і не дапусціць паўтарэння трагічных падзей, якія выпалі на лёс майго пакалення.