У красавіку праходзіў ХV раённы конкурс даследчых работ вучняў пачатковых класаў “Я – даследчык”. На інтэлектуальнае спаборніцтва была прадстаўлена калектыўная работа, якую падрыхтавалі вучні 4 “Б” класа раённай гімназіі пад кіраўніцтвам настаўніка Ірыны Каламіец.
Ірына Мікалаеўна расказвае, што на класных і інфармацыйных гадзінах не раз размова ішла пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: пра блакаду Ленінграда, подзвігі юных герояў-антыфашыстаў, лёс спаленых вёсак Хатынь, Ола, Дальва, а таксама вогненных вёсак Маларытчыны – Боркі і Забалацце. Штуршком для напісання конкурснай работы стала наведванне Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Пазнаёміўшыся з яго экспазіцыямі, чацвёртакласнікі зацікавіліся: ці няма сярод іх блізкіх сваякоў тых, хто ваяваў, быў сведкам крывавых падзей, набліжаў Дзень Перамогі. Вучні вырашылі гэта высветліць і з цікавасцю ўзяліся за справу. Плён іх намаганняў – сумесны прыгожа аформлены фотаальбом «Сведкі Вялікай Айчыннай вайны – у маёй сям’і».
Юлія Пятрова расказвае пра сваю прабабулю Феню (Феадосію Ігнатаўну) Цімашук, якая нарадзілася ў 1928 годзе ў вялікай сям’і на хутары бліз горада Іванава Брэсцкай вобласці:
«Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маёй прабабулі было ўсяго 13 гадоў. Яе сям’я стала дапамагаць партызанам: пякла хлеб, давала прадукты харчавання, выконвала розныя заданні. Восенню 1942 года фашысты даведаліся пра сувязь сям’і з партызанамі і прыехалі на хутар, дзе жыла прабабуля Феня. У гэты момант дома былі толькі яе бацькі – Ігнат Кліменцьевіч і Аляксандра Ануфрыеўна, а яшчэ – брат Міхаіл. Гітлераўцы расстралялі іх, а хутар спалілі.
Прабабуля Феня ў гэты час была на заданні ў Іванава. Ёй трэба было перадаць паведамленне сувязному. …
Тата мне расказваў, што прабабуля Феня не любіла ўспамінаць пра вайну. Ёй было вельмі цяжка зноў і зноў перажываць ваеннае ліхалецце. І толькі час ад часу патроху яна расказвала ваенную гісторыю свайго жыцця. Для мяне прабабуля Феня – сапраўдны герой!»
Вось што пра свайго прапрадзядулю Пятра Салаўчука піша Серафіма Лямачка:
«Ён нарадзіўся ў вёсцы Галёўка ў 1908 годзе. У прапрадзядулі было тры дачкі і сын. Старэйшую Кацярыну, якой было 16 гадоў, немцы вывезлі ў Германію на катаржныя работы. Дадому яна не вярнулася.
З самага пачатку вайны прапрадзядуля Пётр у партызанскім атрадзе змагаўся з гітлераўскімі захопнікамі. Аднойчы ён знайшоў у лесе параненага чырвонаармейца, якога потым хаваў у сваім доме да таго часу, пакуль той не паправіўся. …
Майго прапрадзядулю Пятра пахавалі ў брацкай магіле на гарадскіх могілках у Маларыце. У кнізе «Памяць» ёсць артыкул «Ахвяры бандэраўскіх банд», у якой сярод ахвяр значыцца і прозвішча Пятра Салаўчука.
Прапрадзядуля Пётр – сапраўдны герой! У тым, што я жыву ў мірнай і прыгожай краіне, ёсць і яго заслуга».