27 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ “Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля”. Дакумент накіраваны на стварэнне дадатковых умоў для забеспячэння арэндным жыллём асобных катэгорый грамадзян, а таксама на павышэнне эфектыўнасці яго выкарыстання. Асноўныя палажэнні гэтага Указа ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Раённаму выканаўчаму камітэту дадзена права вызначаць пералік спецыялістаў, у якіх мае патрэбу рэальны сектар і сацыяльная сфера рэгіёна, і прымаць рашэнні аб прадастаўленні названым спецыялістам арэнднага жылля на падставе індывідуальных хадайніцтваў працадаўцаў з ліку дзяржаўных органаў і арганізацый. Аплата за карыстанне арэндным жыллём асобам найбольш запатрабаваных прафесій, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне такога жылля, будзе разлічвацца з улікам паніжальнага каэфіцыента.
Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Маларыцкага райвыканкама Таццяна Трушко адзначыла, што запатрабаваныя ў канкрэтным рэгіёне кадры прыйдуць тады, калі будзе гарантавана атрыманне жылля. Указ паспрыяе павышэнню сацыяльнай абароненасці спецыялістаў розных галін эканомікі, у тым ліку тых, якія прыбылі для працы па размеркаванні, і будзе спрыяць іх замацаванню на працоўных месцах, паколькі разам з годным заробкам і ўмовамі працы наяўнасць камфартабельнага і недарагога жылля дазволіць спецыялісту развівацца ў прафесіі і застацца на сваім працоўным месцы. Далейшае павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля знізіць адток высокакваліфікаваных спецыялістаў, павялічваючы пры гэтым іх матывацыю на больш выніковую працу, а таксама дасць магчымасць больш эфектыўна рэгуляваць пытанні працоўнай міграцыі і замацоўваць работнікаў на канкрэтных прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. А гэта ў канчатковым выніку стане імпульсам для развіцця розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў рэгіёне.
Памер платы за карыстанне арэндным жыллём вызначаецца, зыходзячы з базавай стаўкі (0,2 базавай велічыні) у разліку на 1 м2 агульнай плошчы ў месяц суразмерна агульнай плошчы жылога памяшкання, якое займаецца, з прымяненнем карэкціруючых каэфіцыентаў. Для грамадзян, якія маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля на час працоўных або службовых адносін, дадаткова прымяняецца паніжальны каэфіцыент -0,1. Калі кватэра не аднапакаёвая, то названыя каэфіцыенты для грамадзян, якія атрымалі арэнднага жылля на час працы, прымяняюцца толькі ў межах 20 м2 на аднаго чалавека.
На дадзены момант арэнднае жыллё ў Маларыцкім раёне налічваецца 19 094,1 квадратных метраў (157 кватэр і 176 дамоў), што складае 9,3% ад агульнага жыллёвага фонду. Найбольшым попытам карыстаюцца адна-, і двух-пакаёвыя добраўпарадкаваныя кватэры, размешчаныя ў межах горада. На Маларытчыне за апошнія 5 гадоў год уведзена ў эксплуатацыю 64 арэндныя кватэры. Хутка навасёлы заселяцца і ў 38-кватэрны арэндны дом № 1 на вуліцы Калініна (былы інтэрнат Маларыцкага аграрнага каледжа), які пабудаваны ў канцы мінулага году.
