Маларыцкі лясгас дружна далучыўся да добраахвотнай грамадскай акцыі “Лес! Дабро! Парадак!” Яна прымеркавана да Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мэта новай акцыі Міністэрства лясной гаспадаркі – добраўпарадкаванне і навядзенне парадку ў лясным фондзе, у першую чаргу – вакол населеных пунктаў, уздоўж дарог, а таксама абуладкаванне месцаў масавага адпачынку грамадзян і памятных месцаў
На жаль, не ўсе наведвальнікі лясоў не смецяць. Некаторыя аматары збору ягад і грыбоў, а таксама тыя, хто выязджае адпачываць на прыроду, пакідаюць пасля сябе пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, бляшанкі і іншае, што забруджвае навакольную прыроду. Усё гэта неабходна прыбіраць.
Адміністрацыя Маларыцкага лясгаса на чале з яе дырэктарам Сяргеем Астапуком выйшла на добраўпарадкаванне яшчэ аднаго аб’екта – Пажэжынскай крыніцы, помніка прыроды мясцовага значэння. Яна знаходзіцца за 300 метраў справа ад шашы Брэст – Ковель паміж 25-м і 26-м кіламетрамі ва ўрочышчы Дыравіца. У 2004 годзе валанцёрамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта была ажыццёўлена рэканструкцыя вытоку крыніцы і прылеглай тэрыторыі.
Па словах намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса Людмілы Губей, установа пастаянна ўтрымлівае аб’ект у належным стане. Падчас жа акцыі быў абноўлены навес для купелі, абрэзаны кусты і галіны дрэў, падгрэблена сухое мінулагодняе лісце, пафарбаваны лаўкі, рэканструяваны праз роў мосцік, які вядзе па сцежцы да крыніцы.







