Страшней вайны нічога не можа быць на свеце. Вялікая Айчынная вайна бязлітасна забрала тысячы і тысячы жыццяў ні ў чым невінаватых дзяцей, жанчын, старых, хворых, а таксама салдат, якія ваявалі за свабоду, мірнае неба, шчасце, нашу будучыню. Смелыя, адважныя, мужныя, моцныя духам… Яны не зламаліся пад націскам фашыстаў, да апошняга змагаліся, ратавалі жыцці людзей. Многія салдаты, прапаршчыкі і афіцэры, якія ваявалі Маларытчыне, загінулі як сапраўдныя героі і знайшлі свой апошні спачын на Кургане Славы бліз аг. Хаціслаў.
Курган Славы насыпаны ў 1967 годзе ў гонар воінаў 75-й стралковай дывізіі, якія 25 чэрвеня 1941 года падчас бою з захопнікамі акружылі і знішчылі артылерыйскі полк гітлераўцаў. На яго вяршыні быў устаноўлены абеліск. Цяпер гэта адно са знакавых памятных месцаў Маларытчыны, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Яно заўсёды падтрымліваецца ў належным стане.
17 красавіка на Кургане Славы бліз аг. Хаціслаў прайшла акцыя “Помнім! Шануем! Аберагаем!” па навядзенні парадку. Да добраўпарадкавання памятнага месца і прылеглай да яго тэрыторыі падключыліся дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Паздзяйкіна, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка, старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Эдуард Паўлаў, вучні 7, 8 класаў і педагогі Хаціслаўскай СШ, а таксама служачыя аддзялення пагранічнага кантролю “Хаціслаў”. Агульнымі намаганнямі была прыбрана тэрыторыя ля кургана, падмецена дарожка, пафарбаваны помнік, прыступкі і бардзюры.
–Сённяшняя акцыя была праведзена ў рамках Года добраўпарадкавання і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін, які штогод адзначаецца 18 красавіка, – гаворыць Кацярына Паздзяйкіна. – Раней ва ўстановах адукацыі існавала добрая традыцыя: кожны клас быў замацаваны за канкрэтным помнікам, устаноўленым загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу года вучні не адзін раз наведваліся туды, каб навесці парадак. Зараз таксама большасць месцаў ваенных пахаванняў даглядаецца школьнікамі. I гэта правільна: у падрастаючага пакалення выхоўваюцца пачуццё патрыятызму, паважлівыя адносіны да нашага мінулага, гісторыі і культуры. Без гэтага няма будучыні.






