У краіне праходзіць (21-26 красавіка) экалагічная акцыя “Беларусь сінявокая”, накіраваная на захаванне чысціні маляўнічых рэк і азёр краіны. Яе арганізатарам сталі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
На Маларытчыне адным з месцаў правядзення працоўнага дэсанта па ўборцы смецця стала прыбярэжная паласа Лукаўскага возера. Сюды штогод, каб адпачыць, прыязджае многа людзей не толькі з Маларытчыны, але і з Брэста, Кобрына, іншых населеных пунктаў. Каб не быў сапсаваны настрой у гасцей-наведвальнікаў, было вырашана да пачатку купальнага сезону падрыхтаваць уздоўж аграгарадка частку берага возера: ачысціць яго ад смецця.
Да акцыі актыўна далучыліся начальнік Маларыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Нікіцюк і яе галоўны спецыяліст Ала Мельнікава, настаўнікі і вучні Лукаўскай СШ на чале з дырэктарам Мікалаем Клебановічам, старшыня Лукаўскага сельскага Савета Алена Марук, іерэй Сергій Бірук-Русу і вучні Нядзельнай школы пры храме Лукаўскай іконы Божай Маці аг. Лукава, члены маладзёжнага брацтва пры храме Мікалая Цудатворцы г. Маларыта, а таксама актывісты БРСМ і прадстаўнікі ААТ “Чырвоны партызан”.
– Мэта прыродаахоўнай акцыі “Беларусь сінявокая” – навядзенне парадку, добраўпарадкаванне тэрыторый, прылеглых да сацыяльна значных водных аб’ектаў і нагадаць грамадству пра важнасць беражлівых адносін да навакольнай прыроды, – адзначыў Анатоль Нікіцюк. – Забруджванне берагоў вадаёмаў пластыкам, бытавымі адходамі і іншымі матэрыяламі не толькі парушае эстэтыку ландшафтаў, але і наносіць шкоду экасістэмам: таксічныя рэчывы трапляюць у ваду, пагражаючы флоры і фаўне, а смецце, якое раскладаецца, атручвае глебу на не адзін год. Акцыя “Беларусь сінявокая” – гэта магчымасць аб’яднацца разам, каб захаваць нашы азёры, рэкі, лясы – усё, што робіць краіну ўнікальнай і адметнай сярод іншых.







