На Полацкім напрамку нашы войскі з баямі прасоўваліся наперад і занялі больш за 150 населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Казімірова, Еўніна, Тросніца (6 кіламетраў усходней Полацка), Семенец, Накомса, Палюдавічы, Германавічы, Лужкі, Пшэвуз.
Войскі 3-га Беларускага фронту, развіваючы паспяховае наступленне, фарсіравалі раку Бярэзіна на фронце ў 110 кіламетраў і 1 ліпеня штурмам авалодалі буйным вузлом камунікацый горадам Барысаў, а таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў; сярод іх — раённыя цэнтры Мінскай вобласці горад Бягомль, горад Плешчаніцы і буйныя населеныя пункты Бярэснеўка, Будзілаўка, Брусавічы, Ліпкі, Зембін, Чырвоная Рудня, Струпень, Вераскі, Навасёлкі, Чарняўка.
Заходней горада Магілёва войскі 2-га Беларускага фронту, працягваючы наступленне, з баямі занялі больш за 50 населеных пунктаў; сярод іх – буйныя населеныя пункты Мікалаеўка, Шапялевічы, Лескавічы, Жураўка, Васілеўшчызна, Пагост, Лешніца. Нашы войскі выйшлі да перапраў праз раку Бярэзіна каля горада Бярэзіна.
Паўночна-заходней і заходней горада Бабруйск войскі 1-га Беларускага фронту, развіваючы паспяховае наступленне, авалодалі раённымі цэнтрамі Мінскай вобласці горадам Капыль, горадам Красная Слабада, Грэск, а таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў, у ліку якіх буйныя населеныя пункты Неганічы, Новая Ніва, Вялікаполле, Новыя і Старыя Ляды, Ачыжа, Граздзянка, Шышыцы, Машыцы, Чыжоўка і чыгуначная станцыя Граздзянка.
За 30 чэрвеня войскі 1-га Беларускага фронту ўзялі ў палон 12.000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Сярод палонных камандзір 6-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Гайнэ і камендант горада Бабруйска генерал-маёр Гаман. Такім чынам, лік палонных нямецкіх салдат і афіцэраў, узятых войскамі 1-га Беларускага фронту, да зыходу 30 чэрвеня павялічыўся да 35.680 чалавек.
За 30 чэрвеня нашы войскі на ўсіх франтах падбілі і знішчылі 51 нямецкі танк. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 46 самалётаў праціўніка.
Вяртанне мірных жыхароў у Бабруйск, вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Беларусь, лета 1944 года
© Sputnik / Аляксандр Капустянскі
НАЛЁТЫ НАШАЙ АВІЯЦЫІ НА ЧЫГУНАЧНЫЯ ВУЗЛЫ ЯГЛЕВІЧЫ, БАРАНАВІЧЫ, ЛУНІНЕЦ, МАЛАДЗЕЧНА, МІНСК, ПОЛАЦК
Наша авіяцыя ў ноч на 1 ліпеня здзейсніла масіраваныя налёты на чыгуначныя вузлы Яглевічы, Баранавічы, Лунінец, Маладзечна, Мінск, Полацк. У выніку бамбардзіроўкі на вузлах узніклі шматлікія пажары і адбыліся моцныя выбухі. Гарэлі эшалоны з войскамі і тэхнікай, а таксама ваенныя склады праціўніка.
На Полацкім напрамку нашы войскі, з баямі фарсіруючы шматлікія водныя перашкоды, працягвалі паспяхова прасоўвацца наперад. У раёне сялення Тураўля савецкія часткі разграмілі нямецкі пяхотны полк. Захоплены сцяг палка, 8 танкаў, 9 самаходных гармат, 16 палявых гармат, 17 кулямётаў і іншыя трафеі. На іншым участку нашы байцы акружылі і ліквідавалі групу немцаў колькасцю да 1.000 чалавек. Савецкія атрады прарываюцца ў тылы праціўніка, захопліваюць яго апорныя пункты і грамяць варожыя гарнізоны. За мінулы дзень узята ў палон 1.120 нямецкіх салдат і афіцэраў. Контратакі праціўніка адбіты з вялікімі для яго стратамі.
Наша авіяцыя садзейнічала наступленню наземных войскаў і наносіла бесперапынныя ўдары па баявых парадках праціўніка. А таксама па назапашваннях жывой сілы і тэхнікі на дарогах і каля перапраў. Знішчана 10 нямецкіх танкаў, 200 аўтамашын, 100 вазоў, узарвана 2 чыгуначныя эшалоны, 8 складоў з боепрыпасамі і 2 склады з гаручым.
Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калона нямецкіх ваеннапалонных, якія здаліся ў ходзе баёў за Віцебскую вобласць
© Sputnik / Аляксандр Фрыдлянскі
Войскі 3-га Беларускага фронту вялі жорсткія вулічныя баі ў горадзе Барысаў. Нашы танкавыя і пяхотныя часткі, якія ўварваліся ў горад з поўначы і поўдня, заціснулі нямецкі гарнізон у жалезныя ціскі. Жорсткія вулічныя баі працягваліся ўсю ноч. Нашы байцы ачышчалі вуліцы горада квартал за кварталам. Сёння раніцай нашы войскі цалкам авалодалі горадам Барысаў. У баях за Барысаў нашы войскі разграмілі 5-ю танкавую дывізію, ахоўныя і эсэсаўскія часткі немцаў, перакінутыя ў гэты раён з іншых участкаў фронту. Праціўнік страціў толькі забітымі больш за 8.000 салдат і афіцэраў. За два дні баёў знішчана 80 нямецкіх танкаў і больш за 100 гармат. Захоплена многа палонных і трафеяў.
Паўночна-заходней і заходней горада Бабруйск нашы войскі працягвалі паспяховае наступленне. Савецкія часткі акружаюць і ліквідуюць разарваныя групы праціўніка. Знішчана 30 танкаў і самаходных гармат, 20 палявых гармат і 98 мінамётаў. Захоплена 20 танкаў, 92 гарматы, 25 мінамётаў, 183 кулямёты, 1.320 аўтамашын і 750 вазоў з рознымі грузамі, 1.170 коней і 53 склады. Толькі ў адным раёне знішчана 1.700 і ўзята ў палон 5.000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Сярод палонных – нямецкі камендант горада Бабруйск генерал-маёр Гаман. Гэты гітлераўскі генерал быў у свой час ваенным камендантам горада Арла і жорстка распраўляўся з мірнымі савецкімі грамадзянамі. Надзвычайная Дзяржаўная Камісія ў сваім паведамленні "Аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе Арле і Арлоўскай вобласці", апублікаваным 7 верасня 1943 года, паказвае на ката генерала Гамана, як на аднаго з галоўных арганізатараў масавых забойстваў бязвінных мірных жыхароў.
Група партызанскіх атрадаў, якія дзейнічаюць у Вілейскай вобласці, разбурыла 23 кіламетры чыгуначнага шляху і, акрамя таго, узарвала 3.700 рэек і адзін чыгуначны мост. Рух цягнікоў на гэтым участку спынены на працяглы тэрмін. Партызаны напалі на нямецкі абоз і разграмілі яго. Забіта і паранена 75 гітлераўцаў, знішчана 15 вазоў з грузамі.
Крыніца: sputnik.by