У канцы красавіка-пачатку мая на Маларытчыне, як і па ўсёй краіне, выплачвалася матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі. Гэтая дапамога прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі".
Напярэдадні свята дапамогу атрымалі 8 жыхароў раёна: два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны-Філіп Несцяровіч Дзібук з вёскі Брадзяцін і Марыя Пятроўна Струк з Маларыты, пяць непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў – маларытчане Крысціна Рыгораўна Жук, Аляксандра Захараўна Карпук, Аляксей Віктаравіч Крываблоцкі, Вольга Андрэеўна Субота і жыхарка вёскі Ланская Ганна Фёдараўна Круглей, а таксама Марыя Яўціхіеўна Алесіюк з аграгарадка Лукава – член сям'і вайскоўца, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Людзей, лёсы якіх апаленыя вайной, якім давялося перажыць нямала выпрабаванняў, павіншавалі з надыходзячым святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандэрэшка, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Пажылыя людзі былі рады бачыць у сваіх дамах гасцей і выказвалі падзяку за ўвагу і падтрымку. А госці жадалі ім здароўя, бадзёрасці духу, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.