Багатую, шматгранную, самабытную культуру Брэсцкай вобласці прадставілі 2 чэрвеня ў Мінску на рэспубліканскім фестывалі "Беларусь – мая песня", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэла наведвальнікаў у Палацы Рэспублікі выстава "1 рэгіён – 85…". З гістарычнай і культурнай спадчынай Брэстчыны, яе турыстычнымі брэндамі азнаёміліся ганаровыя госці, у тым ліку старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Перцоў, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў.
У сталіцу з Брэсцкай вобласці прывезлі лепшыя ўзоры народнай творчасці. Напрыклад, Музей народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" прадставіў калекцыю ўнікальных тварэнняў мясцовых майстрых-рукадзельніц.
Паказалі таксама цікавейшую пляцоўку – партызанскі лагер "Хованшчына". Гэта выязны міні-лагер, у якім адлюстравана гісторыя партызанскага руху на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна і ў цэлым Брэстчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Прыехала ў Мінск і жывая легенда – брэсцкі ліхтарнік. Віктар Кірысюк нагадаў, што традыцыю запальвання газавых ліхтароў адрадзілі 26 ліпеня 2009 года. Зусім хутка з таго моманту спаўніцца 15 гадоў. Гаворачы пра адраджэнне традыцый, бессмяротны ліхтарнік падкрэсліў, што сучаснай моладзі вельмі важна ведаць гісторыю Беларусі, свайго краю, продкаў і родную беларускую мову.

Што датычыцца самога брэсцкага ліхтарніка, то цяпер яго пазнаюць не толькі брэстчане і госці горада. Аказваецца, яго ведаюць нават на Камчатцы, а ў Кітаі ён вельмі папулярны. У многіх кітайцаў ёсць фота ліхтарніка на застаўцы ў тэлефоне. "У Мінску і Брэсце вучыцца многа кітайцаў, і яны вельмі любяць фатаграфавацца", – так ён патлумачыў прычыну сваёй папулярнасці.

Рознастайным па тэматыцы і жанравых кірунках атрымаўся гала-канцэрт калектываў мастацкай творчасці Брэсцкай вобласці, які атрымаў назву "Мы створаны гэтай зямлёй". Сваім майстэрствам парадавалі сольныя артысты, а таксама больш за 50 калектываў вакальнага, інструментальнага і харэаграфічнага жанраў, цыркавыя студыі.

Як адзначыў у каментарыі журналістам старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка перад канцэртнай праграмай, кожны рэгіён, у тым ліку Брэсцкая вобласць, прэзентуе на фестывалі самабытную культуру, якой славіцца рэгіён, распавядае пра гісторыю краіны. "Мы будзем прэзентаваць свае нацыянальныя песні, гісторыю нашага краю, культурную спадчыну, Белавежскую пушчу, ўсім вядомы прыродны сімвал Беларусі – зубра і інш. Гэта вельмі важна для далейшага развіцця культурнай спадчыны нашага краю", – сказаў ён.
Гала-канцэрт "Мы створаны гэтай зямлёй" уключыў творчыя нумары розных напрамкаў, якія ў сукупнасці расказалі, чым славіцца першы рэгіён. Раней галоўны рэжысёр праекта, дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Наталля Вольшынец падзялілася, што праца над гэтым творчым праектам доўжылася, напэўна, на працягу паўгода. У ім задзейнічаны каля 1,2 тыс. чалавек – творчыя дзеячы, артысты з усіх рэгіёнаў Брэсцкай вобласці.
Праз прызму мастацтва адлюстраваны асноўныя вяхі і знакавыя моманты ў жыцці краіны і рэгіёна, у тым ліку эпізоды датычыліся 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя Брэсцкай вобласці.
Што датычыцца раней упамянутай калекцыі бездзежскіх фартушкоў, то галоўны захавальнік фондаў Музея народнай творчасці Ніна Ярмоц расказала, што ўся калекцыя налічвае каля 400 асобнікаў і займае самае ганаровае месца сярод усіх экспанатаў музея. "Мы ёю ганарымся і заўсёды прадстаўляем на выязных выставах, розных святах такога ўзроўню, як сёння. Кожны фартушок унікальны, таму што жанчыны вышывалі ўзоры так, каб яны ні ў якім разе не паўтараліся, – расказала яна. – Гэтыя фартушкі таксама ўражваюць сваёй тонкасцю. Ільняныя ніткі пралі так, каб 300 ільняных нітак можна было прапусціць праз абяручны пярсцёнак. І калі ніткі прайшлі такую праверку якасці, імі запраўлялі ткацкі станок".
Акрамя таго, фартухі адбельвалі, даводзячы да снежнай белізны. "Нашы майстрыхі валодалі мноствам сакрэтаў адбельвання ільнянога палатна і атрымлівалі такія цудоўныя фартушкі, якія ўпрыгожвалі самую жанчыну, надавалі ёй непаўторнасць, індывідуальнасць, арыгінальнасць. І да гэтага часу мы ўсе здзіўляемся, як непісьменная сялянка валодала такой фантазіяй, уменнем вышываць, ствараць падобныя ўзоры шмат гадоў таму", – адзначыла Ніна Ярмоц. Яна ўдакладніла, што калекцыя фартушкоў папаўняецца да гэтага часу – іх перадаюць музею жанчыны, якім яны дасталіся ад маці і бабуль.
Усяго ў музеі захоўваецца больш за 2,5 тыс. экспанатаў. У асноўным гэта тканыя і вышываныя вырабы – ручнікі, абрусы, розныя сурвэткі, пакрывалы, тканыя дарожкі, розныя вырабы, якія жанчына стварала за ткацкім станком. У музеі таксама ёсць этнаграфічны пакой, дзе паказаны побыт сяляніна і інтэр'еры дома.
У Палацы Рэспублікі сустрэлі і дырэктара Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раісу Горбач, якую ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы "Хованшчына" ведаюць як партызанскую сувязную – бабу Раю. Яна адзначыла, што, гаворачы пра ўрочышча "Хованшчына", у многіх выпадках можна дадаваць слова "першы". Так, тут створаны першы на Брэстчыне штаб партызанскага злучэння, першы атрад, які стаў базавым, – атрад № 112 пад камандаваннем Аляксея Пятровіча Чарткова. Тут жа з'явілася першая лясная школа. Першы "пяшчаны сшытак" таксама вынайдзены на Хованшчыне ў сямейным лагеры.
"Ва ўрочышчы дзейнічала першая падпольная газета "Зара" – немцы да апошняга не верылі, што ў іх пад носам друкуецца гэта газета. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны друкаванае слова было прыраўнавана да баявой зброі, як, уласна, і цяпер. Гэта было вельмі важна і трэба для насельніцтва ў глыбокім тыле, якое знаходзілася ў акупацыі, і для партызан, якія змагаліся і набліжалі перамогу", – расказала Раіса Горбач.
Наведвальнікі экспазіцыі маглі ўбачыць побыт партызан. "Паказваем міні-кухню. Прывезлі напар з шасці траў – партызанскі чай, які карыстаўся велізарным попытам. Таксама жытнія аладкі з крапівой – страва, якую прыдумала старшы повар партызанскага злучэння Марыя Коршунава", – адзначыла дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея.
Па яе словах, выязная пляцоўка заўсёды і ўсюды карыстаецца велізарным попытам. "Цяпер гісторыі партызанскага руху надаецца велізарнае значэнне. Мы паказваем побыт партызан, як яны выжывалі ў тых нечалавечых умовах, як знаходзілі ў сабе сілы змагацца, як выжывалі дзеці, старыкі, жанчыны, як рыхтавалі моладзь да мірнага жыцця – гэта таксама мы паказваем на "Хованшчыне", – дадала яна.
На выставе былі прадстаўлены таксама макеты славутасцей, якімі славіцца брэсцкая зямля. Сярод іх Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў (канец XVII – XVIII стагоддзе), Камянецкая вежа (XIII стагоддзе). Тут жа паказалі сумку галоўнага кандуктара Палескіх чыгунак (канец XIX – пачатак XX стагоддзя), паштовыя карткі з відам Брэсцкага чыгуначнага вакзала (таго ж перыяду), каску эскадроннага трубача армейскіх кірасірскіх і драгунскіх палкоў, соліды літоўскія 1665–1666 гадоў (адчаканены на Брэсцкім манетным двары), факсімільнае выданне Брэсцкай бібліі 1563 года, археалагічныя знаходкі з раскопак старажытнага Бярэсця (XIII стагоддзе).