9 Мая з гарадской плошчы пачалось шэсце святочнай калоны. На чале калоны ансамбль барабаншчыц СШ №1 райцэнтра (кіраўнік Аляксандра Вашчынчук). Старшакласнікі раённай гімназіі нясуць вялікі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, у руках удзельнікаў шэсця ‒ запрастольны крыж. Побач крочаць удзельнікі акцыі “Беларусь памятае” і “Кветкі Перамогі”. У руках маларытчан – транспаранты з фатаграфіямі родных, блізкіх, удзельнікаў мінулай вайны. Вучні СШ № 2 нясуць партрэты салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі.
У святочнай калоне – прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Раманам Жуком, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Эдуардам Кандзярэшкам, а таксама – дэлегацыя Данкаўскага муніцыпальнага раёна Ліпецкай вобласці Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі працоўных і вучнёўскіх калектываў, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў…
У скверы на вуліцы Савецкая пачынаецца мітынг “Няхай пакаленні памятаюць!”, каб ушанаваць памяць і аддаць даніну павагі героям, якія абаранілі наша права на свабоду, незалежнасць і мірнае неба.
Раман Жук і выконваючы абавязкі ваеннага камісара Маларыцкага раёна Аляксандр Каралькоў уручаюць ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Марыі Струк юбілейны медаль “80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Затым на мітынгу яшчэ выступаюць член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Паздзяйкіна, дэпутат Данкаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Ліпецкай вобласці Сяргей Віксне, вучаніца 9 “А” класа СШ № 1 Вольга Бурак, а таксама благачынны цэркваў Маларыцкага раёна протаіерэй Віктар Паляціла.
Вядучая мерапрыемства Алена Палівода абвяшчае хвіліну маўчання. У гэты ж час салютная група ваеннаслужачых пагранічнай камендатуры “Маларыта” дае трохразовы салют са стралковай зброі. Да помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ўскладваюцца жывыя кветкі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.
Відэа Таццяны Стасюк.

















































