МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // 81 год Вялікай Перамогі

УНІКАЛЬНЫ ПЕРАСОЎНЫ МУЗЕЙ "ЦЯГНІК ПЕРАМОГІ" ЗРАБІЎ ПРЫПЫНАК У БРЭСЦЕ

21/06/2024 12:43

 
21 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Унікальны перасоўны музей "Цягнік Перамогі" 21 чэрвеня зрабіў прыпынак у Брэсце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Гэты гісторыка-асветніцкі і грамадска-патрыятычны праект рэалізуецца Беларускай чыгункай сумесна з РЖД. Ён ажыццёўлены пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. У нягодашнім годзе унікальны перасоўны музей зноў прыбыў у Беларусь. Свой шлях па тэрыторыі нашай краіны ён пачаў у Брэсце. Менавіта гэты горад першым у чэрвені 1941 года прыняў удар фашысцкіх захопнікаў і апошнім быў вызвалены ад акупантаў у ліпені 1944-га.

"Кожную беларускую сям'ю закранула Вялікая Айчынная вайна. Мы паказалі ўсяму свету, што Брэсцкая крэпасць – гэта перш за ўсё мужнасць, стойкасць і сапраўдны гераізм. Хачу сказаць словы падзякі стваральнікам "Цягніка Перамогі" за тое, што дазволілі кожнаму акунуцца ў сапраўдную гісторыю. Мы шануем мір. Хто не шануе мінулага, у таго няма будучыні, і мы не дадзім перапісаць гістарычную праўду", – падкрэсліў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук.

У Брэсце "Цягнік Перамогі" будзе прымаць сваіх наведвальнікаў 21–22 чэрвеня ў Музеі чыгуначнай тэхнікі, які размешчаны непадалёк ад галоўнага ўваходнага манумента "Зорка" мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". "Старт "Цягніку Перамогі" даюць ля сцен Брэсцкай крэпасці. Для нас гэта вельмі дорага і сімвалічна, таму што мы ведаем цану той Перамогі. Сёння ёсць яшчэ адна магчымасць дакрануцца да гісторыі. Гэта дае сілу і ўпэўненасць у правільнасці нашага шляху. Важна, каб наша моладзь памятала і шанавала тое, што мы з'яўляемся спадчыннікамі Вялікай Перамогі", – сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.

Праект уяўляе сабой інтэрактыўную экспазіцыю, якая прысвечана подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У складзе цягніка 10 тэматычных вагонаў. Кожны з іх адлюстроўвае розныя гістарычныя перыяды: перадваенныя гады – Вялікая Айчынная вайна – Перамога. Экспазіцыя распавядае пра драматычныя падзеі і лёсы людзей. Адзін з вагонаў прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці – удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, жанчынам і дзецям.





"Цягнік Перамогі" з 21 чэрвеня па 21 ліпеня пройдзе праз 23 гарады. Пасля Брэста ён пабывае ў Пінску, Лунінцы, Баранавічах, Оршы, Магілёве, Крычаве, Горках, Віцебску, Полацку, Мінску, Маладзечне, Лідзе, Гродна, Ваўкавыску, Салігорску, Слуцку, Асіповічах, Бабруйску, Жлобіне, Калінкавічах, Рэчыцы і Гомелі.

Дзмітрый Паштаранка – кіраўнік творчай майстэрні "Неўскі баталіст", якая ўдзельнічала ў стварэнні экспазіцыі "Цягніка Перамогі", заўважыў, што памяць пачынаецца з асабістых гісторый. Напрыклад, з Брэсцкай крэпасцю ён пазнаёміўся дзякуючы фатаграфіям і сувенірам, расказам бабулі. Тады не мог і меркаваць, што праз гады будзе займацца стварэннем музеяў, гістарычных інсталяцый, у тым ліку для Брэсцкай крэпасці.


"Мы ставілі перад сабой задачу зрабіць музей на колах, такую машыну часу, якая магла б адказаць на многія гістарычныя пытанні, – акцэнтаваў увагу Дзмітрый Паштаранка. – Спадзяюся, што зможам абнавіць экспазіцыю. У прынцыпе, кожны год імкнёмся падтрымліваць яе ў парадку. Улічваючы, што праз цягнік прайшлі тысячы чалавек, а ён практычна ў першапачатковым стане".




Экскурсія па "Цягніку Перамогі" праводзіцца з аўдыягідом, а ў адным вагоне адначасова могуць знаходзіцца не больш за 12 чалавек. Агульны час экскурсіі складае 45 хвілін. Выстава мае ўзроставыя абмежаванні 12+. Час работы экспазіцыі з 10.00 да 20.00, перапынак з 14.00 да 15.00. У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю перасоўнага музея яго наведванне будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па запрашальных білетах. –0–

Фота Паўла Арлоўскага
 

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі