19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 19 ліпеня 1944 года на Брэсцкім напрамку нашы войскі працягвалі наступленне, паведамляла Савінфармбюро ў дзённай зводцы.

Праціўнік падцягнуў пяхоту і танкі і спрабаваў вярнуць горад і чыгуначны вузел Гайнаўка, заняты напярэдадні савецкімі часткамі.
Немцы ўвялі ў бой часткі дывізіі СС "Вікінг" (дывізія пад гэтай назвай была знішчана савецкімі войскамі ў лютым 1944 года, але немцы наспех сфарміравалі новую эсэсаўскую дывізію з тым жа найменнем і адправілі на савецка-германскі фронт). Нашы байцы нанеслі праціўніку сустрэчны ўдар і адкінулі яго на зыходныя пазіцыі. На полі бою засталося да 400 варожых трупаў. Узята ў палон у поўным складзе рота 5-й венгерскай лёгка-пяхотнай дывізіі. Паўднёвей горада Гайнаўка савецкія часткі, з баямі прасоўваючыся наперад, авалодалі горадам і чыгуначнай станцыяй Кляшчэлі. Такім чынам, чыгунка Беласток – Брэст была перарэзана савецкімі войскамі.

На захад ад горада Ваўкавыск нашы войскі, фарсіраваўшы раку Свіслач, з баямі занялі некалькі населеных пунктаў, у тым ліку буйныя – Петрашэвічы, Крушыняны, Хамянтоўцы, Бобравнікі, Жубры, Дубляны – і чыгуначную станцыю Крынкі. –0–

Фота з архіва БЕЛТА і БГАКФФД
Усе навіны