МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // 81 год Вялікай Перамогі

ХРОНІКА ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ: 25 ЧЭРВЕНЯ 1944 ГОДА

25/06/2024 12:47

 

25 чэрвеня 1944 года ішоў 1100-ы дзень вайны… У гэты дзень у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі войскі 6-й гвардзейскай і 43-й армій 1-га Прыбалтыйскага фронту завяршылі акружэнне Віцебскага "катла" з пяццю танкавымі дывізіямі ворага.
25 чэрвеня 1944 года вызвалены Чавускі, Багушэўскі, Сенненскі, Бешанковіцкі раёны.

У вызваленні Чавускага раёна ўдзельнічалі 330-я стралковая дывізія (палкоўнік В.А. Гусеў) 121-га стралковага корпуса, 385-я стралковая дывізія (палкоўнік М.Ф. Супруноў) 38-га стралковага корпуса 50-й арміі 2-га Беларускага фронту; партызанскі полк "Трынаццаць" (камандзір С.В. Грышын).

Багушэўскі раён вызвалялі 144-я (палкоўнік А.А. Данец), 215-я (генерал-маёр А.А. Казаран) стралковыя дывізіі; 2-я гвардзейская танкавая брыгада (палкоўнік Я.Я. Духоўны) 5-й арміі 3-га Беларускага фронту; партызанскі атрад імя К.Я. Варашылава Багушэўскай партызанскай брыгады (камбрыг Я.М. Прахаранка).

Сенненскі раён вызваляла 9-я гвардзейская механізаваная брыгада (палкоўнік П.І. Гарачоў) 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса 3-га Беларускага фронту.

У вызваленні Бешанковіцкага раёна ўдзельнічалі 6-я гвардзейская (генерал-лейтэнант І.М. Чысцякоў), 43-я (генерал-лейтэнант А.П. Белабародаў) арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту; партызанская брыгада 2-я Беларуская імя П.К. Панамарэнкі 2-га складу (камандзір М.І. Дзячкоў), якая 27 чэрвеня 1944 года злучылася з часткамі Савецкай Арміі.

З аператыўнай зводкі Савінфармбюро за 25 чэрвеня 1944 года:

На працягу 25 чэрвеня заходней горада Віцебск нашы войскі, развіваючы наступленне, фарсіравалі раку Заходняя Дзвіна на фронце 30 кіламетраў і з баямі занялі больш за 150 населеных пунктаў… Усходней Бешанковічаў нашы войскі перарэзалі шашэйную дарогу Віцебск – Лепель.

На поўдзень ад горада Віцебск нашы войскі, працягваючы паспяховае наступленне, авалодалі раённымі цэнтрамі Віцебскай вобласці горадам Сянно, горадам і буйной чыгуначнай станцыяй Багушэўск, а таксама з баямі занялі больш за 300 іншых населеных пунктаў… Войскі, якія наступаюць на поўдзень ад Віцебска, перарэзалі шашэйную дарогу Віцебск – Лепель у раёне Гнездзілавічаў, дзе злучыліся з войскамі, якія наступаюць заходней Віцебска.

Такім чынам, у ходзе наступлення нашы войскі завяршылі акружэнне групоўкі немцаў у складзе пяці пяхотных дывізій у раёне Віцебска.

Нашы войскі ўварваліся ў горад Віцебск, дзе завязалі вулічныя баі.

На Аршанскім напрамку нашы войскі, працягваючы наступленне, з баямі занялі больш за 40 населеных пунктаў…

На Магілёўскім напрамку нашы войскі, развіваючы паспяховае наступленне, авалодалі раённым цэнтрам Магілёўскай вобласці горадам Чавусамі, а таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў…

Войскі 1-га Беларускага фронту, перайшоўшы ў наступленне з раёна паўднёва-заходней горада Жлобін, прарвалі пры падтрымцы масіраваных удараў артылерыі і авіяцыі моцна ўмацаваную абарону немцаў, якая прыкрывала Бабруйскі напрамак, на ўчастку працягласцю 35 км і за два дні наступальных баёў прасунуліся наперад да 30 км, пашырыўшы прарыў да 80 км па фронце. Адначасова паўночней горада Рагачоў войскі фронту фарсіравалі раку Друць і прарвалі моцную, глыбока эшаланаваную абарону праціўніка на фронце працягласцю 30 км і прасунуліся ў глыбіню да 12 км. У ходзе наступлення войскамі фронту вызвалена больш за 100 населеных пунктаў…

Такім чынам, нашы войскі перарэзалі чыгунку Бабруйск – Лунінец.

Яны вызвалялі Беларусь

Садык Абдужабараў нарадзіўся 15 ліпеня 1925 года ў Паўднёва-Казахстанскай вобласці Рэспублікі Казахстан у сялянскай сям'і. У Чырвонай Арміі з верасня 1943 года. Стралок 219-га гвардзейскага стралковага палка (71-я гвардзейская стралковая дывізія, 6-я гвардзейская армія, 1-ы Прыбалтыйскі фронт) гвардыі радавы Садык Абдужабараў 25 чэрвеня 1944 года ў баі на подступах да Бешанковічаў у ліку першых пераправіўся праз раку Заходняя Дзвіна і кулямётным агнём забяспечыў пераправу групы байцоў праз раку, знішчыў да трох дзясяткаў гітлераўцаў і агнявую кропку. Праціўнік у паніцы пачаў адступаць. Пераследуючы ворага, савецкія воіны занялі выгадны рубеж, стварыўшы ўмовы для пераправы ўсёй 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі чырвонаармейцу Абдужабараву Садыку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны старшы лейтэнант Абдужабараў жыў і працаваў у органах дзяржаўнай бяспекі ў Алматы. Памёр у 2004 годзе.

Сцяпан Іларыёнавіч Іларыёнаў нарадзіўся ў 1904 годзе ў Чувашыі ў сялянскай сям'і. Стралок 158-га гвардзейскага стралковага палка (51-я гвардзейская стралковая дывізія, 6-я гвардзейская армія, 1-ы Прыбалтыйскі фронт) гвардыі яфрэйтар Сцяпан Іларыёнаў асабліва адзначыўся пры фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна каля вёскі Сіраціна Віцебскай вобласці. 25 чэрвеня 1944 года пад шквальным агнём непрыяцеля яфрэйтар Іларыёнаў у ліку першых з групай байцоў пераадолеў Заходнюю Дзвіну. У няроўным баі за плацдарм Іларыёнаў узяў на сябе камандаванне воінамі групы і павёў іх у атаку. Байцы ўварваліся ў траншэю і знішчылі варожы кулямёт, які блакаваў прасоўванне стралковай роты. У выніку рота з ходу авалодала вёскай Залужжа Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, забяспечыўшы пераправу палка. Загінуў у баі 27 чэрвеня 1944 года. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі яфрэйтару Іларыёнаву Сцяпану Іларыёнавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Сямён Аляксеевіч Разінкін нарадзіўся 15 лютага 1907 года ў Феадосіі ў сям'і рабочага. У Чырвонай Арміі з 1929 года. Вайну сустрэў на заходняй мяжы ў складзе 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. З зімы 1942 года па сакавік 1943 года змагаўся ў Міхайлаўскім атрадзе 1-й Курскай партызанскай брыгады. У далейшым ваяваў у складзе 843-га стралковага палка 238-й стралковай дывізіі на Бранскім, Беларускім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах. Асабліва адзначыўся пры вызваленні Магілёва. 25 чэрвеня 1944 года яго рота першай фарсіравала раку Басю, уварвалася ў вёску Каменка Чавускага раёна і захапіла 4 варожыя гарматы. 26 чэрвеня, фарсіраваўшы раку Рэста, выбіла ворага з траншэй і, працягваючы наступаць, выйшла да ракі Дняпро. 27 чэрвеня Разінкін пераправіў роту праз Дняпро, у баях за Магілёў рота захапіла ў палон звыш 100 салдат і афіцэраў праціўніка, а таксама захапіла 6 гармат. 5 жніўня 1944 года ў баі Разінкін быў цяжка паранены. У тым жа годзе пасля лячэння ў шпіталі звольнены ў запас. У 1945 годзе ваеннатэхніку 1-га рангу Разінкіну Сямёну Аляксеевічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны жыў і працаваў у Жалезнагорску Курскай вобласці. Памёр у 1987 годзе.

Армаіс Асатуравіч Саркісаў нарадзіўся 8 мая 1922 года ў горадзе Баку ў сям'і служачага. У жніўні 1943 года Саркісава прызвалі ў Чырвоную Армію. З студзеня 1944 года ўдзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, вызваляў Украіну і Беларусь. 25 чэрвеня 1944 года гвардыі яфрэйтар Саркісаў у ліку першых у роце пад агнём праціўніка пераправіўся на левы бераг ракі Заходняя Дзвіна. У баі за плацдарм каля вёскі Балбечча (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) удзельнічаў у адбіцці контратак гітлераўцаў. Ратуючы жыццё камандзіра ўзвода, гвардзеец загінуў. За праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі гвардыі яфрэйтару Саркісаву Армаісу Асатуравічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Пахаваны ў вёсцы Мішкавічы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. У вёсцы Галыні Бешанковіцкага раёна ўзведзены абеліск.


Крыніца: БЕЛТА

 

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі