28 чэрвеня 1944 года ішоў 1103-і дзень вайны… У гэты дзень савецкія войскі вызвалілі Асіповічы, Старыя Дарогі, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Быхаў і Магілёў.
Задачай Магілёўскай аперацыі – наступальнай аперацыі войскаў 2-га Беларускага фронту (генерал-палкоўнік Г.Ф. Захараў) – было разбіць магілёўскую групоўку ворага (8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі групы армій "Цэнтр") і вызваліць Магілёў. 23 чэрвеня войскі 49-й арміі, якая дзейнічала на напрамку галоўнага ўдару, фарсіравалі раку Проню, 24–25 чэрвеня з правафлангавымі часткамі 50-й арміі – раку Басю. На левым флангу фронту 24 чэрвеня ў наступленне перайшоў 121-ы стралковы корпус 50-й арміі. У выніку 3-дзённых цяжкіх баёў войскі 49-й і 50-й армій да канца дня 25 чэрвеня прарвалі глыбока эшаланаваную абарону праціўніка па фронце да 70 км і на глыбіню да 30 км і перайшлі да пераследу разбітых варожых злучэнняў. 26–27 чэрвеня 49-я армія фарсіравала Дняпро паўночней Магілёва, абышла горад з захаду і паўднёвага захаду, перарэзала шашы Магілёў – Мінск, Магілёў – Бабруйск. Войскі 33-й арміі 26 чэрвеня перайшлі ў наступленне на правым флангу фронту і ў той жа дзень вызвалілі г. Горкі, 27 чэрвеня – Копысь і Шклоў; войскі 50-й арміі 27 чэрвеня фарсіравалі Дняпро паўднёвей Магілёва, захапілі Лупалава (прыгарад Магілёва), злучыліся з часткамі 49-й арміі.
28 чэрвеня пасля жорсткай бітвы савецкія войскі вызвалілі Магілёў. Нямецка-фашысцкі гарнізон у горадзе быў акружаны і пасля няўдалай спробы прарыву разгромлены: 6 тыс. гітлераўцаў забіта, каля 3400 узята ў палон, савецкія войскі захапілі шмат зброі і баявой тэхнікі.
Чырвонай Арміі дапамагалі партызаны: за тры дні да аперацыі яны пачалі разбураць чыгуначныя камунікацыі ворага метадам "рэйкавай вайны", паралізавалі яго перавозкі. Партызанскія брыгады і атрады Магілёўскай і Мінскай абласцей трымалі пад кантролем многія ўчасткі шашэйных дарог Магілёў – Мінск, Магілёў – Бабруйск, Орша – Мінск, густую сетку палепшаных дарог у міжрэччы Дняпра і Друці, Друці і Бярэзіны, у трохвугольніку Барысаў – Асіповічы – Мінск. У гэтых раёнах яны стойка ўтрымлівалі буйныя зоны, праз якія спрабавалі прабіцца гітлераўскія войскі.
У ходзе Магілёўскай аперацыі праціўнік быў пазбаўлены магчымасці планамерна адвесці свае войскі і перакідваць рэзервы на напрамкі галоўных удараў савецкіх войскаў. 92 воінам-удзельнікам аперацыі прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 21 вайсковаму злучэнню і частцы прысвоены ганаровыя найменні "Магілёўскіх", 32 – "Верхнедняпроўскіх".
У выніку першых шасці дзён наступлення Чырвонай Арміі група армій "Цэнтр" апынулася ў катастрафічным становішчы. Яе абарона была зруйнавана на ўсіх напрамках 520-кіламетровага фронту. Савецкія войскі, зламаючы супраціўленне гітлераўцаў, прасунуліся на захад на розных участках ад 80 да 150 км. Да зыходу 28 чэрвеня войскам 1-га і 3-га Беларускіх франтоў удалося абыйсці абодва флангі праціўніка. Стварыліся спрыяльныя ўмовы для нанясення канцэнтрычных удараў у напрамку Мінска з мэтай акружэння 4-й нямецкай арміі.
З аператыўнай зводкі Савінфармбюро за 28 чэрвеня 1944 года:
Наша авіяцыя ў ноч на 28 чэрвеня нанесла моцныя ўдары па чыгуначных вузлах Баранавічы, Лунінец, Мінск, Полацк і чыгуначнай станцыі Барысаў. Падчас налёту на чыгуначных вузлах і станцыях знаходзілася вялікая колькасць чыгуначных эшалонаў.
У выніку бамбардзіроўкі на чыгуначным вузле Баранавічы ўзнікла 23 буйныя ачагі пажару і адбылося некалькі моцных выбухаў. Пажары назіраліся экіпажамі пры адыходзе ад мэты з адлегласці 150 кіламетраў. На чыгуначным вузле Лунінец нашы лётчыкі разбілі некалькі эшалонаў з войскамі і тэхнікай.
Паўднёвей горада Полацк часткі Н-скага злучэння, зламіўшы супраціўленне немцаў на прамежкавых рубяжах, авалодалі горадам Лепель – магутным вузлом абароны немцаў. Баі характарызуюцца масавым знішчэннем жывой сілы праціўніка. У раёне Якубаўшчыны і Свіціна нашы падраздзяленні акружылі рэшткі разбітых нямецкіх частак і вядуць баі па іх ліквідацыі. Знішчана 600 гітлераўцаў, звыш 500 нямецкіх салдат і афіцэраў узята ў палон. У раёне ўрочышча Андронаў Востраў савецкія войскі акружылі і знішчылі варожы полк, 520 немцаў спынілі супраціўленне, склалі зброю і здаліся ў палон. Нашы байцы захапілі да 1000 аўтамашын з рознымі грузамі.
На тэрыторыі вузла ўзнікла 10 пажараў і адбылося 6 моцных выбухаў. На чыгуначным вузле Мінск узнікла 13 ачагоў пажару: гарэлі вагоны і ваенныя склады. У Полацку пажар ахапіў усю цэнтральную частку вузла.
Асабліва інтэнсіўны налёт наша авіяцыя здзейсніла на чыгуначную станцыю Барысаў, на пуцях якой знаходзілася да 20 эшалонаў. Разрывы бомбаў назіраліся на ўсёй тэрыторыі станцыі. Узнікла 15 ачагоў пажару. Адбылося 16 выбухаў.
Чатыры нашы самалёты не вярнуліся на свае базы.
***
Войскі 2-га Беларускага фронту ўсю ноч на 28 чэрвеня вялі жорсткія баі на вуліцах Магілёва. Магутныя ўдары нашых пяхотных частак з усходу і імклівая атака бронетанкавых сіл з поўначы вырашылі зыход бітвы на карысць савецкіх войскаў. Сёння раніцай воіны Чырвонай Арміі вызвалілі горад Магілёў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У баях за горад нашы войскі знішчылі 12-ю нямецкую пяхотную дывізію, нанеслі цяжкія страты танкава-грэнадзёрскай дывізіі СС "Фельдхернхале" і іншым нямецкім часткам. Узята многа палонных. Сярод палонных – камандзір 12-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Бамлер, нямецкі камендант горада Магілёў генерал-маёр Эрдмансдорф, камандзір 89-га пяхотнага палка палкоўнік Дайтэнціш і іншыя афіцэры. Захоплены вялікія трафеі – многа ўзбраення, дзясяткі складоў з боепрыпасамі, харчаваннем, медыкаментамі і 7 чыгуначных эшалонаў з рознымі ваеннымі грузамі.
Войскі 1-га Беларускага фронту працягвалі паспяховае наступленне. Мацней сціскаючы кальцо вакол нямецкай групоўкі, акружанай у раёне Бабруйска, часткі Н-скага злучэння занялі некалькі населеных пунктаў. Захоплена 5 паравозаў, больш за 100 вагонаў, звыш 200 аўтамашын і іншыя трафеі. Савецкія рухомыя часткі з баямі прасунуліся на захад і раптоўным ударам занялі важны вузел чыгуначных дарог горад Асіповічы. Захоплена 5 чыгуначных эшалонаў з харчаваннем і ваеннымі матэрыяламі і 12 розных складоў. Авалодаўшы горадам Старыя Дарогі, нашы байцы таксама ўзялі вялікія трафеі: 2 склады боепрыпасаў, 3 склады з гаручым, 3 харчовыя склады, 3 чыгуначныя эшалоны з ваенным маёмасцю і медыкаментамі, 300 вазоў і 30 аўтамашын.
Яны вызвалялі Беларусь
Васіль Ігнатавіч Панкоў нарадзіўся 27 верасня 1925 года ў Казахстане ў сям'і рабочага. У баях Вялікай Айчыннай вайны з сакавіка 1943 года. Камандзір стралковага аддзялення 609-га стралковага палка (139-я стралковая дывізія, 50-я армія, 2-і Беларускі фронт) 18-гадовы малодшы сяржант Панкоў 28 чэрвеня 1944 года на чале даручанага яму падраздзялення пад агнём непрыяцеля ў ліку першых на падручных сродках пераправіўся праз раку Дняпро каля Магілёва. На захопленым на правым беразе ракі плацдарме аддзяленне малодшага сяржанта Васіля Панкова падавіло тры варожыя агнявыя кропкі, чым садзейнічала пераправе іншых падраздзяленняў 609-га стралковага палка. Юны камандзір аддзялення ўмела кіраваў дзеяннямі падначаленых у вулічных баях у Магілёве. Загінуў у жніўні 1944 года. Пахаваны ў Магілёве. Малодшаму сяржанту Панкову Васілю Ігнатавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Фёдар Трафімавіч Цімонаў нарадзіўся 11 красавіка 1924 года ў Белгародскай вобласці ў сялянскай сям'і. У дзеючай арміі з жніўня 1943 года. Камандзір кулямётнага разліку 226-га стралковага палка (63-я стралковая дывізія, 5-я армія, 3-і Беларускі фронт) радавы Цімонаў адзначыўся пры прарыве моцна ўмацаванай абароны праціўніка каля вёскі Яфрэменкі 23 чэрвеня 1944 года і пры знішчэнні акружанай варожай групоўкі ў раёне Віцебска. 28 чэрвеня 1944 года войскі, якія спрабавалі выйсці з акружэння, тры разы контратакавалі пазіцыі 2-га стралковага батальёна 226-га стралковага палка. Камандзір кулямётнага разліку чырвонаармеец Цімонаў агнём з станковага кулямёта знішчыў да 50 салдат і афіцэраў праціўніка. Усе контратакі былі адбіты. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1945 годзе. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай ваяваў на Далёкім Усходзе. У 1945 годзе быў дэмабілізаваны. Жыў і працаваў ва Украіне. Памёр у 1999 годзе.
Мікалай Пятровіч Фамін нарадзіўся 24 лістапада 1914 года ў Арэнбургскай вобласці ў сялянскай сям'і. На фронце ў Вялікую Айчынную вайну з кастрычніка 1941 года. Камандзір 1-га батальёна 272-га гвардзейскага стралковага палка (90-я гвардзейская стралковая дывізія, 6-я гвардзейская армія, 1-ы Прыбалтыйскі фронт) гвардыі маёр Мікалай Фамін асабліва адзначыўся пры вызваленні Сірацінскага раёна Віцебскай вобласці ў ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі і Полацкай наступальнай аперацыі. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі маёру Фаміну Мікалаю Пятровічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У жорсткім баі 28 чэрвеня 1944 года за вызваленне Полацка ён быў цяжка паранены і ад атрыманых ран памёр. Пахаваны ў вёсцы Гараны Полацкага раёна Віцебскай вобласці.
Мікалай Палікарпавіч Чалы нарадзіўся 7 ліпеня 1915 года ў горадзе Куп'янск Харкаўскай вобласці ў сям'і рабочага. У баях у Вялікую Айчынную вайну з 1941 года. Камандзір групы валанёраў 66-га асобнага атрада дымамаскіроўкі і дэгазацыі Дняпроўскай ваеннай флатыліі малодшы лейтэнант Чалы 28 чэрвеня 1944 года на чале дэсантнага атрада высадзіўся на заняты праціўнікам бераг у раёне вёскі Скрыгалава (Мазырскі раён Гомельскай вобласці) і, прыняўшы на сябе агонь праціўніка, забяспечыў высадку галоўных сіл дэсанту. 12 ліпеня 1944 года загінуў у баі за вёску Дарошавічы Мазырскага раёна. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм малодшаму лейтэнанту Чаламу Мікалаю Палікарпавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Пахаваны ў вёсцы Галубіцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Імем героя названа вуліца ў горадзе Петрыкаў. У вёсцы Дарошавічы ўзведзены абеліск.