У раёне Бабруйска ў акружэнні апынулася каля 6 дывізій 35-га армейскага і 41-га танкавага карпусоў 9-й нямецкай арміі. У другой палове дня 28 чэрвеня праціўнік пачаў канцэнтраваць сілы ўсходней Бабруйска, збіраючыся з наступленнем цемры прарваць слабую тут абарону савецкіх войскаў. Аднак паветраная разведка своечасова раскрыла намеры немцаў. Для як найхутчэйшага знішчэння акружаных войскаў праціўніка прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання маршалы Г.К. Жукаў і А.А. Новікаў вырашылі прыцягнуць 16-ю паветраную армію. У неба паднялося 400 бамбардзіроўшчыкаў і штурмавікоў пад прыкрыццём 126 знішчальнікаў. Масіраваны налёт працягваўся паўтары гадзіны. Гэта быў удар узрушаючай сілы. 29 чэрвеня 1944 года войскі 1-га Беларускага фронту пры актыўным удзеле 1-й брыгады рачных караблёў Дняпроўскай ваеннай флатыліі вызвалілі горад Бабруйск. Крыніца: БЕЛТА
29 чэрвеня 1944 года ішоў 1104-ы дзень вайны… У гэты дзень пачалася наступальная Мінская аперацыя войскаў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх франтоў і Полацкая аперацыя войскаў 1-га Прыбалтыйскага фронту.
У ходзе Беларускай аперацыі савецкія воіны, нягледзячы на жорсткае супраціўленне ворага, крок за крокам прасоўваліся наперад. Паспяхова развіваліся падзеі на левым крыле Беларускага выступа пад Бабруйскам, дзе наступалі ўдарныя групоўкі 1-га Беларускага фронту. Уведзеныя ў бітву 1-ы і 3-і гвардзейскія танкавыя корпусы прарваліся ў тылы ворага і адрэзалі яму шляхі адступлення.
9-ы танкавы корпус генерала Б.С. Бахарава на вялікай хуткасці накіраваўся па шашы да Бабруйска і да раніцы 27 чэрвеня выйшаў на левы бераг Бярэзіны. Пераканаўшыся, што мост праз раку разбураны, генерал Бахараў прыняў рашэнне часова перайсці да абароны, перахапіць шашу і пераправы праз раку паўночна-ўсходней Бабруйска, каб не дапусціць адыходу гітлераўцаў з раёна Жлобіна. Падчас імклівага наступлення па шашы танкісты вызвалілі 5 тыс. савецкіх грамадзян, якіх накіроўвалі ў Германію, захапілі нямала палонных, знішчылі звыш 100 варожых салдат і афіцэраў. Тым часам танкісты 1-га гвардзейскага танкавага корпуса пад камандаваннем генерала М.Ф. Панова прарваліся паўночна-заходней Бабруйска. Услед за імі прасоўваліся стралковыя дывізіі 3-й, 48-й і 65-й армій.
20 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры яго вызваленні, прысвоены ганаровыя найменні "Бабруйскіх".
У Маскве дадзены салют 20 залпамі з 224 гармат у сувязі з вызваленнем Бабруйска.
29 чэрвеня 1944 года вызвалены Бялыніцкі, Петрыкаўскі, Ушацкі, Ветрынскі, Халапеніцкі раёны.
29 чэрвеня пачаўся Старобінскі бой партызан 101-й брыгады імя А. Неўскага (Н.Д. Курыльчык) па вызваленні Старобіна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гарнізон (больш за 1 тыс. гітлераўцаў) быў добра ўзброены і ўмацаваны. З набліжэннем Чырвонай Арміі гітлераўцы намерваліся вывезці насельніцтва і матэрыяльныя каштоўнасці на захад і знішчыць пасёлак. Партызаны ў ноч на 29 чэрвеня перакрылі шляхі магчымага падыходу варожага падмацавання з Любані і вёскі Пагост Старобінскага (цяпер Салігорскага) раёна, кулямётным агнём у бок нямецкага гарнізона пасеялі паніку, адначасовай атакай з паўночнага ўсходу і поўдня выбілі праціўніка са Старобіна на паўднёвы захад ад яго. Арганізавалі абарону і ўтрымлівалі пасёлак да падыходу 1–2 ліпеня частак Чырвонай Арміі. Дзякуючы дзеянням партызан удалося выратаваць Старобін ад знішчэння і насельніцтва ад вывазу ў Германію.
29 чэрвеня адбыўся Відзаўскі бой – сумесная аперацыя беларускай партызанскай брыгады "Спартак" і літоўскіх партызанскіх атрадаў імя Кастуся Каліноўскага і "Жальгірыс" па разгроме фашысцкага гарнізона ў г.п. Відзы. У той жа дзень адбыўся Капыльскі бой – разгром партызанамі 27-й брыгады імя В.І. Чапаева варожага гарнізона ў Капылі і вызваленне горада.
У гэты дзень пачалося і 4 ліпеня 1944 года завяршылася аб'яднанне з часткамі Чырвонай Арміі 37 партызанскіх брыгад (176 атрадаў) і 7 асобных атрадаў партызан Мінскай вобласці агульнай колькасцю больш за 40 тыс. чалавек.
З аператыўнай зводкі Савінфармбюро за 29 чэрвеня 1944 года:
У ноч на 29 чэрвеня наша авіяцыя здзейсніла масіраваныя налёты на чыгуначныя вузлы Баранавічы, Лунінец, Мінск і Полацк.
У момант налёту на чыгуначным вузле Баранавічы знаходзілася многа эшалонаў з войскамі і ваеннай тэхнікай праціўніка. У выніку бамбардзіроўкі на тэрыторыі вузла ўзнікла 15 ачагоў пажару. Лётчыкі назіралі, як гарэлі эшалоны і ваенныя склады. На чыгуначным вузле Лунінец падпалена тры эшалоны.
Асабліва інтэнсіўны налёт наша авіяцыя здзейсніла на чыгуначны вузел Мінск. Пажар ахапіў значную частку тэрыторыі вузла. Гарэлі эшалоны і ваенныя склады. На чыгуначным вузле Полацк у выніку бамбардзіроўкі ўзнікла 6 ачагоў пажару, якія суправаджаліся моцнымі выбухамі.
На Полацкім напрамку праціўнік, выкарыстоўваючы зручную для абароны лясіста-балоцістую мясцовасць, багатую азёрамі і рэкамі, аказваў упартае супраціўленне. Жорсткія баі адбыліся на рубяжы ракі Ушача. Немцы пабудавалі тут паласу абароны і спрабавалі на гэтым участку затрымаць прасоўванне савецкіх войскаў. Часткі Н-скага злучэння разграмілі праціўніка і занялі вузел грунтавых дарог і апорны пункт немцаў Ушачы. Нашы рухомыя групы пераправіліся праз раку, імкліва прасунуліся наперад, перарэзалі чыгунку Полацк – Маладзечна і занялі раённы цэнтр Віцебскай вобласці Ветрына.
На Мінскім напрамку нашы войскі пераследуюць па пятах адступаючага ў беспарадку праціўніка, не даючы яму магчымасці замацавацца на прамежкавых рубяжах. Савецкія танкісты і кавалерысты нагналі на Мінскай шашы і разграмілі вялікую аўтакалону немцаў. На працягу некалькіх дзясяткаў кіламетраў дарога завалена разбітымі гарматамі, аўтамашынамі і трупамі гітлераўцаў. Захоплена звыш 2000 аўтамашын з грузамі.
Войскі 1-га Беларускага фронту імклівай атакай з трох бакоў уварваліся ў Бабруйск і ў выніку жорсткіх вулічных баёў ачысцілі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нямецкія войскі, акружаныя ў раёне Бабруйска, прадпрынялі лютыя, але безвыніковыя спробы вырвацца з "катла". Пад ударамі савецкіх частак праціўнік адкочваўся назад, высцілаючы поле бою тысячамі забітых салдат і афіцэраў. Сёння нашы войскі цалкам ліквідавалі акружаную варожую групоўку. Узята ў палон 18000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Захоплены вялікія трафеі.
Яны вызвалялі Беларусь
Іван Васілевіч Васільеў нарадзіўся 10 лістапада 1906 года ў Пскоўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі з чэрвеня 1941 года. Асабліва адзначыўся ў ходзе стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён". Полк пад яго камандаваннем 24–29 чэрвеня 1944 года фарсіраваў раку Друць у раёне горада Рагачова, прарваўся ў тыл праціўніка, захапіў пераправы праз рэкі Добасна і Бярэзіна, чым адрэзаў шляхі адыходу з Бабруйска варожых войскаў і садзейнічаў іх акружэнню. У гэтых баях полк знішчыў да 30 танкаў і штурмавых гармат, больш за 40 артылерыйскіх гармат, вялікую колькасць баявой тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За ўмелае камандаванне палком, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў Беларускай стратэгічнай аперацыі, Васільеву Івану Васілевічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. І.В. Васільеў скончыў вайну ў Празе. Пасля вайны працягваў службу ў арміі. Жыў у Пскове. Памёр у 1962 годзе.
Іван Міхайлавіч Паўловіч нарадзіўся 7 сакавіка 1896 года ў вёсцы Старое Сяло цяпер Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны Паўловіч служыў у пагранічных войсках НКУС СССР. На франтах Вялікай Айчыннай вайны з лютага 1943 года. Намеснік камандзіра 399-й стралковай дывізіі (48-я армія, 1-ы Беларускі фронт) палкоўнік Іван Паўловіч асабліва адзначыўся пры вызваленні Беларусі. 24 чэрвеня 1944 года на чале стралковага батальёна Іван Паўловіч прарваў абарону непрыяцеля на рацэ Друць каля горада Рагачова, захапіўшы варожыя траншэі. 29 чэрвеня 1944 года палкоўнік Паўловіч кіраваў фарсіраваннем ракі Бярэзіна перадавымі падраздзяленнямі 399-й стралковай дывізіі і ў ліку першых уварваўся ў Бабруйск. У ноч на 19 ліпеня 1944 года палкоўнік Іван Паўловіч, знаходзячыся на назіральным пункце стралковага палка каля вёскі Новіннік Брэсцкай вобласці, паспяхова кіраваў адбіццём масіраванай атакі пяхоты і больш як шасцідзесяці гітлераўскіх танкаў. Пал смерцю храбрых у гэтым баі, але вораг на дадзеным участку абароны не прайшоў. Пахаваны ў вёсцы Курашова Брэсцкай вобласці. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм палкоўніку Паўловічу Івану Міхайлавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імем Героя Савецкага Саюза І.М. Паўловіча названы вуліцы ў гарадах Хабараўск і Мсціслаўль.
Сяргей Якаўлевіч Фільчанкаў нарадзіўся 18 сакавіка 1915 года ў Цвярской вобласці ў сям'і селяніна. У баях Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года. На бамбардзіроўшчыку Фільчанкаў лётаў стралком, стралком-радыстам і штурманам. Ён біў фашыстаў пад Масквой, на Калінінскім фронце, змагаўся на Курскай дузе, пад Сеўскам, Гомелем, Рэчыцай. У Бабруйскай аперацыі ў чэрвені 1944 года Фільчанкаў дзесяць разоў вылятаў на падаўленне адыходзячых наземных войскаў ворага, бамбіў яго тэхніку, склады з боепрыпасамі, пераправы. 29 чэрвеня 1944 года з двух заходаў яму ўдалося пашкодзіць мост праз Бярэзіну, адрэзаць тым самым шлях адыходу гітлераўцам. Да ліпеня 1944 года штурман экіпажа 128-га бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка малодшы лейтэнант С.Я. Фільчанкаў здзейсніў 212 баявых вылетаў на разведку і бамбардзіроўку праціўніка. У паветраных баях збіў асабіста адзін і ў групе чатыры самалёты ворага.
За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання па знішчэнні жывой сілы і тэхнікі праціўніка і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм малодшаму лейтэнанту Фільчанкаву Сяргею Якаўлевічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны лейтэнант Фільчанкаў жыў і працаваў у Казані. Памёр у 1965 годзе.
Майсей Фроімавіч Шварцман нарадзіўся 3 лістапада 1911 года ў Вінніцкай вобласці Украіны ў сям'і каваля. З ліпеня 1941 года малады палітработнік удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Намеснік камандзіра батальёна па палітычнай частцы 1124-га стралковага палка (334-й стралковай дывізіі, 43-й арміі, 1-ы Прыбалтыйскі фронт) маёр Шварцман 23 чэрвеня 1944 года пры прарыве моцна ўмацаваных пазіцый праціўніка каля вёскі Казонагава (Шумілінскі раён Віцебскай вобласці) у ліку першых з ротай уварваўся ў варожыя траншэі. Развіваючы наступленне, байцы 25 чэрвеня выйшлі да ракі Заходняя Дзвіна. Маёр Шварцман умела арганізаваў пераправу праз водную перашкоду каля вёскі Грынёва (Шумілінскі раён) і абарону захопленага плацдарма. У баі за сяло Гнездзілавічы загінуў. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм маёру Шварцману Майсею Фроімавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ў пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці.