30 чэрвеня 1944 года ішоў 1105-ы дзень вайны… У гэты дзень вызвалены Любанскі, Краснаслабодскі, Плешчаніцкі, Капаткевіцкі, Слуцкі раёны і Слуцк.
Галоўныя сілы 1-га Беларускага фронту імкліва развівалі наступленне ў бок Мінска і Слуцка. 29 чэрвеня 1944 года часткі групы генерала І.А. Пліева пераследвалі праціўніка, выбівалі яго з вонкавых абарончых рубяжоў на подступах да Слуцка, а перадавыя атрады падышлі да ўскраіны горада з поўначы, усходу і паўднёвага ўсходу. У Слуцку абараняліся дзве нямецкія пяхотныя дывізіі. Раніцай 29 чэрвеня завязаўся бой.
З паветра сухапутныя часткі прыкрывалі лётчыкі дзвюх штурмавых авіяцыйных дывізій і адной знішчальнай авіядывізіі. Усю ноч на 30 чэрвеня праціўнік у Слуцку адчайна супраціўляўся. Раніцай 30 чэрвеня 1944 года Слуцк быў узяты. Падчас адступлення нямецкія факельшчыкі падпальвалі дамы, узарвалі шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў. Толькі імклівае наступленне савецкіх войскаў перашкодзіла немцам цалкам знішчыць Слуцк.
8 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры яго вызваленні, прысвоены ганаровыя найменні "Слуцкія". У вызваленні раёна ўдзельнічалі: 50-я гвардзейская стралковая дывізія (А.С. Уладычанскі), частка сіл 96-й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр С.М. Кузняцоў) 3-га гвардзейскага стралковага корпуса 28-й арміі; конна-механізаваная група ў складзе 30-й кавалерыйскай дывізіі (генерал-маёр В.С. Галоўскі); 10-я (палкоўнік М.С. Папрыкайла), 9-я (генерал-маёр В.Т. Тутарынаў) гвардзейскія кавалерыйскія дывізіі; 128-ы (падпалкоўнік Ф.В. Небылаў), 151-ы (маёр К.Т. Чаркасаў) асобныя танкавыя палкі; 1815-ы самаходны артылерыйскі полк (маёр А.П. Турчын) 4-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса; 37-я механізаваная брыгада (палкоўнік М.М. Кулікаў), 219-я танкавая брыгада (палкоўнік М.Р. Хлюпін) 1-га механізаванага корпуса; 1-я асобная знішчальна-супрацьтанкавая дывізія (палкоўнік І.М. Вахрамееў); частка сіл 299-й штурмавой авіядывізіі 16-й паветранай арміі 1-га Беларускага фронту.
З аператыўнай зводкі Савінфармбюро за 30 чэрвеня 1944 года:
На Полацкім напрамку нашы войскі ў выніку імклівага наступлення занялі горад Дзісна, размешчаны ў 35 кіламетрах заходней Полацка. Захоплены багатыя трафеі. Паўночна-заходней Лепеля немцы, падцягнуўшы свежыя сілы, прадпрынялі 15 контратак. Савецкія пяхотнікі і танкісты пры падтрымцы артылерыі паспяхова адбілі варожыя контратакі, прасунуліся наперад і занялі шэраг населеных пунктаў. Знішчана да 1500 нямецкіх салдат і афіцэраў, 10 танкаў, 4 самаходныя і 25 палявых гармат. Савецкія лётчыкі бамбава-штурмавымі ўдарамі знішчылі 120 аўтамашын, 50 вазоў, 3 самаходныя гарматы, паравоз і 70 вагонаў. Падаўлены агонь 20 артылерыйска-мінамётных батарэй. У паветраных баях савецкія знішчальнікі збілі 14 нямецкіх самалётаў.
На Мінскім напрамку нашы войскі, зламіўшы супраціўленне немцаў, фарсіравалі раку Бярэзіна. Праціўнік узмацніў свае разбітыя дывізіі свежымі эсэсаўскімі і ахоўнымі часткамі і спрабаваў прыпыніць наступленне нашых войскаў. Савецкія войскі наносяць ворагу цяжкія ўдары і адкідаюць яго на захад. Нашы войскі ўварваліся ў горад Барысаў. Ідуць жорсткія вулічныя баі. На адным участку савецкія танкісты знішчылі асобны батальён 256-й нямецкай пяхотнай дывізіі. Камандзір батальёна капітан Карл Раўх разам з групай салдат, якія засталіся ў жывых, здаўся ў палон.
Заходней горада Магілёва варожая пяхота, падтрыманая самаходнымі гарматамі, прадпрыняла контратаку. Імклівымі флангавымі ўдарамі нашы часткі знішчылі полк нямецкай пяхоты, 9 самаходных гармат і звыш 700 аўтамашын. Захоплена 19 самаходных гармат, у тым ліку 3 "Фердынанды" і іншыя трафеі. Узята ў палон 340 нямецкіх салдат і афіцэраў.
Наша авіяцыя наносіла ўдары па назапашванні варожых войскаў. Знішчана 3 нямецкія танкі, 110 аўтамашын, 3 бензазапраўшчыкі, 10 вазоў, 4 гарматы і рассеяна некалькі рот пяхоты праціўніка, пры гэтым немцы панеслі цяжкія страты.
***
Паўночна-заходней і заходней горада Бабруйск нашы войскі працягвалі паспяховае наступленне. Савецкія войскі ўзламалі абарону праціўніка, якая праходзіла па рацэ Случ, і на плячах адступаючых немцаў уварваліся ў горад Слуцк. Варожы гарнізон адчайна супраціўляўся, але быў разгромлены. Нашы часткі, якія авалодалі горадам Слуцк, пераследваюць праціўніка, які спешна адступае на захад. Захоплены вялікія трафеі і многа палонных.
Яны вызвалялі Беларусь
Міхаіл Раманавіч Абрасімаў нарадзіўся 1 мая 1924 года ў Белгародскай вобласці ў сям'і селяніна. На фронце з 1943 года. 30 чэрвеня 1944 года ў баі за чыгуначны вузел Асіповічы Магілёўскай вобласці падчас атакі пераўзыходзячых сіл праціўніка старшы тэлефаніст батарэі 297-га гвардзейскага зенітна-артылерыйскага палка гвардыі яфрэйтар Абрасімаў прыняў актыўны ўдзел у яе адбіцці, першым падняўся ў атаку. У рукапашнай сутычцы былі знішчаны дзясяткі і ўзяты ў палон больш за 70 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі. За ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм гвардыі яфрэйтару Міхаілу Раманавічу Абрасімаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На станцыі Вярэйцы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ўстаноўлены абеліск.
Міхаіл Іванавіч Данілаў нарадзіўся 18 ліпеня 1911 года ў Новасібірскай вобласці ў сялянскай сям'і. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі. Камандзір стралковага ўзвода 459-га стралковага палка (42-я стралковая дывізія, 49-я армія, 2-і Беларускі фронт) лейтэнант Данілаў 23 чэрвеня 1944 года і даручаны яму стралковы ўзвод паспяхова авалодалі вышынёй у раёне вёсак Жавань і Чарнеўка (цяпер Горацкага раёна Магілёўскай вобласці), нанеслі непрыяцелю істотны ўрон, затым з ходу фарсіравалі раку Басю, адрэзаўшы шлях да адступлення гітлераўскаму абозу. 26 чэрвеня 1944 года лейтэнант Данілаў са сваім узводам адным з першых у складзе батальёна фарсіраваў раку Дняпро і замацаваўся на заходнім беразе. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм лейтэнанту Данілаву Міхаілу Іванавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Камандзір стралковай роты 44-га стралковага палка Міхаіл Данілаў пал смерцю храбрых 19 красавіка 1945 года.
Мікалай Іванавіч Кліменка нарадзіўся 4 мая 1911 года ў Новасібірскай вобласці. З жніўня 1941 года змагаўся на фронце ў дзеючай арміі палітруком стралковай роты. Намеснік камандзіра батальёна па палітычнай частцы 1324-га стралковага палка (413-я стралковая дывізія, 3-я армія, 1-ы Беларускі фронт) старшы лейтэнант Кліменка 28 чэрвеня 1944 года прарваўся да вёскі Зарэчча Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і адкінуў ворага. 30 чэрвеня 1944 года Кліменка з 10-ю байцамі заняў абарону каля адзінага моста праз Бярэзіну каля вёскі Свіслач Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці і стойка абараняў рубеж. За суткі было адбіта 12 атак ворага. Апошнюю атаку ён адбіваў ужо адзін – усе кулямётчыкі загінулі ў няроўным баі. Загінуў у гэтым баі. За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм старшаму лейтэнанту Кліменку Мікалаю Іванавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Пахаваны ў вёсцы Свіслач Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.