МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

МАЛАРЫЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // 81 год Вялікай Перамогі

ХРОНІКА ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ: ЛІПЕНЬ 1944 ГОДА

01/07/2024 13:34

 

Хроніка вызвалення Беларусі: ліпень 1944 года

На працягу першых дзён правядзення Беларускай наступальнай аперацыі "Баграціён" група нямецкіх армій "Цэнтр" пацярпела катастрафічнае паражэнне, яе асноўныя сілы былі акружаны і разгромлены.

Падзеі ў Беларусі прывялі Гітлера ў лютасць. 28 чэрвеня ён зняў генерал-фельдмаршала Э. Буша з пасады камандуючага групай армій "Цэнтр" і прызначыў на яго месца генерал-фельдмаршала В. Модэля. Ён прыняў рашэнне арганізаваць абарону ўсходней Мінска. Сюды ж камандаванне вермахта тэрмінова перакінула ахоўныя і спецыяльныя часткі з груп армій "Поўнач" і "Паўночная Украіна", аднак гэтых сіл аказалася недастаткова, каб спыніць прасоўванне Чырвонай Арміі. Савецкія войскі, абыходзячы апорныя пункты ворага лясамі і балотамі, працягвалі прасоўвацца ў напрамку Мінска, Слуцка і Маладзечна.

Вырашальныя сутычкі разгарнуліся ў паласе наступлення 3-га Беларускага фронту на рацэ Бярэзіна, у раёне Барысава. У 1812 годзе гэтая рака была сведкай гібелі арміі Напалеона, цяпер жа тут пад ударамі савецкай арміі трывалі паражэнне войскі вермахта. У ноч на 1 ліпеня злучэнні Чырвонай Арміі ўварваліся ў Барысаў і на світанні, да 3 гадзін, вызвалілі горад. 13 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Барысаўскіх".

У выніку наступлення савецкіх войскаў 1 ліпеня вызвалены Бягомльскі, Шаркаўшчынскі, Грэскі, Барысаўскі раёны; 2 ліпеня – Пліскі, Докшыцкі, Старобінскі, Смалявіцкі, Лагойскі, Чэрвеньскі, Курэнецкі, Стаўбцоўскі раёны. У ходзе Мінскай аперацыі войскі 2-га і 1-га Беларускіх франтоў вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарады Чэрвень і Стаўбцы.

З магутным ударам Чырвонай Арміі зліліся рашучыя дзеянні беларускіх партызан, якімі ўпершыню за перыяд Вялікай Айчыннай вайны былі наладжаны сувязь і аператыўнае ўзаемадзеянне з войскамі франтоў. Народныя мсціўцы наносілі ўдары па камунікацыях праціўніка, зрывалі падвоз падмацаванняў, узбраення і боепрыпасаў да лініі фронту, арганізоўвалі засады.

Асаблівую ролю ў дасягненні высокіх тэмпаў наступлення адыгралі танкавыя войскі. Так, здзяйсняючы рэйд па лясах і балотах у тыле праціўніка, не ўвязваючыся ў зацяжныя баі, 4-я гвардзейская танкавая брыгада падпалкоўніка А.А. Лосіка, якая ўваходзіла ў 2-і гвардзейскі танкавы корпус, апярэдзіла галоўныя сілы адступаючых гітлераўцаў больш чым на 100 км. У ноч на 3 ліпеня брыгада па шашы накіравалася да Мінска, з ходу разгарнулася ў баявы парадак і з паўночнага ўсходу ўварвалася на гарадскія ўскраіны. Неўзабаве на паўночную ўскраіну Мінска выйшлі і перадавыя часткі 5-й гвардзейскай танкавай арміі.

Цеснячы праціўніка, танкавыя часткі, падтрыманыя войскамі 11-й гвардзейскай і 31-й армій 3-га Беларускага фронту, пачалі адбіваць у ворага квартал за кварталам. У сярэдзіне дня 3 ліпеня з паўднёвага ўсходу ў горад уступіў 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, а ўслед за ім – 3-я армія 1-га Беларускага фронту. Позна вечарам 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад акупантаў.

52 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Мінскіх". У гонар вызвалення сталіцы Беларусі ў Маскве быў дадзены салют 24 артылерыйскімі залпамі з 324 гармат. 2-і гвардзейскі танкавы корпус і 4-я гвардзейская танкавая брыгада былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 16 танкістаў за подзвігі пры вызваленні Мінска і Мінскай вобласці сталі Героямі Савецкага Саюза. У цэнтры Мінска на пастаменце ўстаноўлены танк 4-й гвардзейскай танкавай брыгады.

3 ліпеня вызвалены Глыбоцкі, Пухавіцкі, Бярэзінскі, Ільянскі, Радашковіцкі і Астравецкі раёны.

Пад Мінскам была акружана і да 11 ліпеня разгромлена буйная групоўка нямецкіх войскаў. Знішчэнне акружанай групоўкі гітлераўцаў пад Мінскам Стаўка Галоўнакамандавання ўсклала на войскі 2-га Беларускага фронту і 31-ю армію 3-га Беларускага фронту. У "мінскі кацёл" трапіла 105 тыс. гітлераўцаў. Упершыню ў наступальных дзеяннях Чырвонай Арміі праціўнік быў акружаны і разгромлены ў выніку паралельнага і фронтальнага пераследу на глыбіні 200–250 км ад пярэдняга краю яго абароны. На заключным этапе галоўную ролю ў ліквідацыі "мінскага катла" адыграла 31-я армія генерала В.Д. Кручанкіна.

   

Упартыя баі за Полацк працягваліся 4 дні. Савінфармбюро паведамляла: "На подступах да горада праціўнік узвёў глыбока эшаланаваную абарончую паласу, якая атрымала назву лініі "Тыгр". У самім горадзе немцы пабудавалі вялікую колькасць доўгачасовых агнявых кропак, прыстасаваўшы для гэтай мэты каменныя будынкі. Нашы войскі прарвалі лінію "Тыгр", пераадолелі ўнутраныя абаводы полацкага ўмацаванага раёна і завязалі баі на вуліцах горада. Немцы адчайна супраціўляліся і чапляліся літаральна за кожны дом. Нашы байцы выбівалі немцаў з падвалаў, дамоў, бліндажоў і дзотаў. Баі працягваліся ўсю ноч. У баях за Полацк немцы панеслі велізарныя страты ў людзях і тэхніцы". У ходзе Полацкай аперацыі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту 4 ліпеня вызвалілі горад. 31 частцы і злучэнню, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Полацкіх". У гэты ж дзень вызвалены Дунілавіцкі, Дзісненскі, Мёрскі, Клецкі, Заслаўскі, Рудзенскі, Уздзенскі, Крывіцкі, Мядзельскі і Нясвіжскі раёны.

5 ліпеня вызвалены Ляхавіцкі, Смаргонскі, Валожынскі, Тураўскі, Пастаўскі раёны. У ходзе Віленскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту вызвалены горад Маладзечна. 13 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Маладзечненскіх".

6 ліпеня вызвалены Жыткавіцкі, Івянецкі, Дзяржынскі, Браслаўскі, Ленінскі, Свірскі; 7 ліпеня – Ашмянскі, Юрацішкаўскі, Мірскі, Столінскі, Ганцавіцкі раёны.

8 ліпеня ў ходзе Беластоцкай аперацыі войскамі 2-га Беларускага фронту вызвалены Навагрудак. У ходзе наступлення на баранавіцка-слонімскім напрамку войскі 1-га Беларускага фронту вызвалілі абласны цэнтр Баранавічы. 28 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Баранавіцкіх". Ад акупантаў ачышчаны Відзаўскі, Любчанскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Навагрудскі, Навамышскі, Гарадзішчанскі раёны.

9 ліпеня ў ходзе Віленскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту вызвалена Ліда. 4 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Лідскіх". Вызвалены Дзятлаўскі, Давід-Гарадоцкі раёны.

З 10 па 15 ліпеня вызвалены Слонімскі, Быценскі, Лунінецкі, Целяханскі, Воранаўскі, Косаўскі, Дрысенскі, Расонскі, Васілішкаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Шчучынскі, Казлоўшчынскі, Радунскі, Ружанскі, Ваўкавыскі, Скідзельскі, Паразоўскі, Лагішынскі і Бярозаўскі раёны.

У ходзе наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку войскі 1-га Беларускага фронту пры падтрымцы Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі 14 ліпеня штурмам авалодалі горадам Пінск. Ноччу караблі флатыліі высадзілі дэсант на паўднёвай ускраіне горада. Дэсантнікі завязалі вулічныя баі з гарнізонам праціўніка. Тым часам савецкія войскі фарсіравалі рэкі Ясельда і Прыпяць і з двух бакоў уварваліся ў горад. 18 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Пінскіх".

5–16 ліпеня савецкія войскі пераследвалі адыходзячыя часткі праціўніка, знішчаючы іх ар'ергарды і адбіваючы контратакі. Войскі 3-й арміі 8 ліпеня авалодалі Навагрудкам і да канца 9 ліпеня дасягнулі рубяжу рэк Нёман і Малчадзь, прасунуліся за пяць сутак на 120–125 км. Уведзеныя ў бітву 10 ліпеня войскі 50-й арміі да 16 ліпеня выйшлі на рубеж рэк Свіслач і Нёман, фарсіравалі іх і вызвалілі Гродна (16 ліпеня – правабярэжная частка горада, 24 ліпеня – занёманская частка). Часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Гродзенскіх". 16 ліпеня вызвалены Жабчыцкі, Пружанскі, Іванаўскі, Антопальскі раёны.

З 17 па 28 ліпеня савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Асвейскага, Бераставіцкага, Свіслацкага, Шарашоўскага, Драгічынскага, Сапоцкінскага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Маларыцкага, Дзівінскага, Камянецкага, Дамачаўскага і Высокаўскага раёнаў.

28 ліпеня ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі 70-я армія, фарсіраваўшы Заходні Буг, абышла Брэст з паўднёвага захаду, а 28-я армія выйшла да Заходняга Буга паўночна-заходней Брэста. Шляхі адыходу брэсцкай групоўкі праціўніка на захад былі адрэзаны. 28 ліпеня войскі 61-й арміі пры садзейнічанні часткі сіл 70-й і 28-й армій вызвалілі Брэст. 47 часткам і злучэнням, якія адзначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Брэсцкіх".

З вызваленнем Брэста было завершана вызваленне тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Да канца ліпеня Беларусь была цалкам ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў, пачалося вызваленне Літвы, Латвіі і Польшчы. У ходзе аперацыі "Баграціён" лінія фронту была адкінута на захад на 600 км.

Пры вызваленні Беларусі адзначыліся арміі пад камандаваннем генералаў П.І. Батава, А.П. Белабародава, В.В. Глагалева, А.В. Гарбатава, І.І. Люднікава, П.А. Ротмістрава, С.І. Рудзенкі, Т.Т. Хрукіна, І.М. Чысцякова і інш.

Сярод камандзіраў карпусоў змагаліся многія нашы землякі-генералы: А.С. Благавешчанскі (2-і знішчальны авіякорпус), А.А. Барэйка (9-ы гвардзейскі стралковы корпус), В.Я. Дабравольскі (16-ы стралковы корпус), А.З. Каравацкі (3-і асобны армейскі корпус), А.С. Люхцікаў (60-ы стралковы корпус), М.М. Мультан (69-ы стралковы корпус), Ф.І. Пярхаровіч (3-і гвардзейскі стралковы корпус), І.Л. Рагуля (80-ы стралковы корпус), А.Д. Церашкоў (38-ы стралковы корпус), В.К. Урбановіч (41-ы стралковы корпус), Я.І. Фаміных (25-ы танкавы корпус) і інш.

Штабы армій узначальвалі нашы землякі-генералы: В.А. Пянькоўскі (6-я гвардзейская армія), А.Д. Пулка-Дзмітрыеў (61-я армія), Г.С. Сідаровіч (5-я танкавая армія), М.І. Сіміноўскі (39-я армія). Камандзірамі дывізій былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: А.С. Уладычанскі, В.М. Вус, Г.П. Ісакаў, Г.П. Куляка, Я.Т. Марчанка, І.Ф. Абушэнка, А.І. Пастрэвіч, І.В. Пісараў, М.А. Рубан, І.І. Санкоўскі, Г.І. Сініцын, А.І. Сліц, П.Ф. Талсцікаў, Ф.С. Шырокі, В.І. Шкель і інш.

Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў у Беларусі ўвайшоў у гісторыю як адна з найважнейшых бітваў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Многія гісторыкі расцэньваюць яго як катастрофу вермахта, а некаторыя – і як канчатковае паражэнне нацыстаў. Сапраўды, агульныя страты немцаў летам 1944 года перавысілі тыя, якія яны панеслі на Волзе, пад Сталінградам. На тэрыторыі рэспублікі-партызанкі было знішчана звыш 381 тыс. і ўзята ў палон 158 тыс. гітлераўскіх салдат, афіцэраў і генералаў.

Радзіма высока ацаніла масавы гераізм савецкіх воінаў у баях за Беларусь: 1687 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 39 беларусаў; на беларускай зямлі звыш 20 воінаў паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава; звыш 10 лётчыкаў здзейснілі паветраныя тараны і каля 30 – паўтарылі подзвіг Мікалая Гастэлы; 874 ваінскія часткі ўзнагароджаны ордэнамі; 747 ваінскіх частак удастоены ганаровых найменняў беларускіх гарадоў; звыш 100 Герояў Савецкага Саюза ў пасляваенныя гады былі ўдастоены звання ганаровых грамадзян беларускіх гарадоў. Камандуючы 65-й арміяй генерал П.І. Батаў удастоены гэтага звання ў 7 гарадах, вызваленых яго байцамі: Баранавічах, Бабруйску, Калінкавічах, Лоеве, Рэчыцы, Светлагорску, Слоніме.

Беларусь памятае і шануе сваіх вызваліцеляў. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 1 млн. 300 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. Свой уклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі. За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты Беларусі знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце.


Крыніца: БЕЛТА

 

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі